Гінуць школьнікі, судзяць настаўніц, сістэма – працуе

Да праваабаронцаў «Вясны» працягваюць паступаць новыя дакументальныя сведчанні арганізацыі чыноўнікамі прымусовай працы ў рэгіёнах.

Фота www.kleck.by

Фота www.kleck.by


На гэты раз дасланыя дакументы наўпрост раскрываюць механізм прыцягнення школьнікаў, працоўных і служачых менавіта ў Маладзечанскім раёне, дзе нядаўна на бульбяным полі ААТ “Усход-Агра»загінула 13-гадовая вучаніца 11-й школы пад коламі грузавіка.

Як бачна з дакументаў, напачатку Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт выдаў адпаведнае распараджэнне, падпісанае 29 жніўня старшынёй райвыканкама А. Яхнаўцом.

Райвыканкам “рэкамендуе кіраўнікам арганізацый згодна з дадаткам аказаць дапамогу ва ўборцы бульбы з 5 па 30 верасня ААТ “Усход-Агра”, ААТ “Палачаны” і сельгаспрадпрыемству “Хажоваагра-2009”.

maladechna_zagad_1.jpg

maladechna_zagad_2.jpg


Да дакумента прыкладаецца дадатак са спісамі арганізацый і колькасцю працоўных, якіх прапануецца вылучыць на ўборку ўраджаю.

Затым свой загад выдае раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму аб накіраванні школьнікаў 10 класаў навучальных установаў горада Маладэчна таксама з дадаткам. Прычым у гэтым дакуменце слова “рэкамедуе” змяняецца на “неабходна накіраваць”.

 

maladechna_zagad_3.jpg

Ну і нарэшце свой загад выдае Установа адукацыі “Сярэдняя школа №11 г Маладэчна”:

Загадваю накіраваць вучняў ДУА “Сярэдняя школа №11 г. Маладэчна” ў СПК “Усход-Агра” на сельскагаспадарчыя працы у наступным складзе…”. У спісе ёсць і прозвішча загінулай на полі дзяўчыны — Вікторыі Папчэні.

 

maladechna_zagad_5.jpg

Аднак нягледзячы на гэты стос загадаў і распараджэнняў суд Маладзечанскага раёну палічыў, што на палетках калгаса адбываўся выхаваўчы працэс, а не праца. І вось за смерць дзяўчынкі пад час прымусовай працы судом караюць кіроўцу аўтамабіля, асобна суд разгледзіць дзеянні настаўніц, а дырэктар школы атрымаў усяго толькі вымову.

Без пакарання засталіся кіраўнікі, якія стварылі гэту беззаганную сістэму рабскай, прымусовай працы. Менавіта на сістэмным яе характары робіць акцэнт у сваім нядаўнім каментары праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

“Усе факты, якія сталі нам вядомыя апошнім часам на прыкладзе розных раёнаў Мінскай вобласці, сведчаць пра тое, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар. А органы пракуратуры ў сваю чаргу ніяк на гэта не рэагуюць, яны самаўхіляюцца і не абараняюць правы грамадзян”, — адзначае праваабаронца.