Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: жыццё ў Заходняй і Усходняй Беларусі

Малады гісторык Аляксей Кайрыс расказаў пра жыццё звычайных людзей у Заходняй і Усходняй Беларусі да 1939 года. Аповед грунтаваўся на вусных ўспамінах людзей, якія жылі каля мяжы.

 



g0et_imgsumzwjjq.jpg

Прафесійныя гісторыкі, студэнты і валанцёры з “Беларускага архіва вуснай гісторыі” не першы год ладзяць экспедыцыі для запісу ўспамінаў старых людзей. Праз простыя пытанні яны высвятляюць шмат цікавых дэталяў пра тагачасныя падзеі. Адзін з аспектаў вывучэння — жыццё ў Заходняй і Усходняй Беларусі. У ходзе вывучэння гісторыкі апыталі жыхароў усёй былой памежнай зоны.

g1etdhbvmuimg.jpg


 

— Жыццё звычайнага чалавек у Заходняй Беларусі было лепшым па эканамічных, палітычных і прававых фактарах, — сказаў гісторык. Дзякуючы капіталізму звычайны жыхар Заходняй Беларусі мог працаваць у пана, які валодаў гаспадаркай, цяглавай сілай і прыладамі працы. За працу можна было атрымаць да 10 злотых у дзень. На гэтыя грошы ў той час можна было купіць ежы і нават нешта адкласці: як адзначаў адзін са сведкаў тых падзей, бутэлька гарэлкі каштавала злоты, кіло сала — 2 злотых, кілаграм масла — таксама 2 злотых. Ва Усходняй жа Беларусі людзей зганялі ў калгасы. Пры гэтым забіралі маёмасць — кароў, коней, і прамысловыя прылады працы. Добра пры савецкай сістэме “ўсім па-роўну” было толькі лайдакам.

g2et_fgjghoimg.jpg

Эканамічныя адрозненні асабліва бачны ў дробязях: у Заходняй Беларусі ў амаль у кожнай хаце былі ровар альбо радыё, у той час як “усходнікі” ровар маглі здабыць за асаблівыя заслугі перад дзяржавай, а радыё магло быць у старшыні калгаса. Каля мяжы — платоў з калючым дротам — стаялі савецкія вышкі і польскія стражніцы.

g3etfghgjkiuimg.jpg


 

— У польскай стражніцы была нават прыбіральня, а савецкія жаўнеры знаходзіліся проста ў драўляных будках. Падмуркі некаторых польскіх стражніц захаваліся да сённяшняга дня, — расказвае Аляксей.

Жыхары Заходняй Беларусі былі больш абароненыя ўладай, у той час як ва Усходняй прысутнічаў страх дзяржаўнага апарату. Да таго ж, у Заходняй Беларусі адсутнічаў антырэлігійны ціск.
 

g4etgjhlok_img.jpg

Успаміны паказваюць, што жыхары памежжа вызначалі сябе не па нацыянальнай прыналежнасці, а па канфесійнай: католік — паляк, праваслаўны — рускі. Такі падзел стварыўся яшчэ ў Расійскай імперыі. Адасаблялі людзі толькі габрэяў.

— Людзі адзначалі, што да 1939-га на габрэях у мястэчках трымалася ўся эканоміка. Іх успрымалі як працавітых людзей, якія звычайна займаліся гандлем. У тыя гады была наладжана кантрабанда. З Заходняй Беларусі прывозілі гарэлку, віно, а “усходнікі” разлічваліся золатам і срэбрам, бо савецкія рублі на тэрыторыі Польшчы не дзейнічалі.

Пра кантрабанду шмат пісаў Сяргей Пясецкі — яго кніга ў перакладзе нядаўна выйшла ў часопісе “Arche”.

g5etdfgtruiop_img.jpg


 

У сваіх аповедах старыя людзі закраналі і Другую сусветную вайну.

— Успаміны руйнуюць міфы пра страшнага немца, што нішчыў беларускую вёску. Гвалцілі і вырэзвалі толькі спецыяльныя карныя атрады. А так — савецкія і нямецкія жаўнеры разумелі, што яны выконвалі абавязак, які "навесіла" дзяржава.

g6et_frulxcdvfimg.jpg

Мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю знікла толькі падчас нямецкай акупацыі, тады ж пачаўся працэс злівання беларускага народа. Гісторыкі адзначаюць, што калі б не верасень 1939 года, Беларусь магла б і не ўзнікнуць. Наступная экспедыцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі адбудзецца ў ліпені і будзе вывучаць калектывізацыю ў Заходняй Беларусі. Матэрыялы па яе выніках з’явяцца на сайце nashapamiac.org.


Алена Кавальчук, www.t-styl.info