Гісторыя збітай амапаўцамі акторкі атрымала працяг: СК аднавіў праверку
Каля навагодняй ялінкі 1 студзеня 2018 года амапаўцы збілі Святлану Сакалоўскую, і больш за год вінаватыя не знаходзіліся. Зараз зноў аднавіліся следчыя дзеянні і, магчыма, крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу, будзе нарэшце ўзбуджаная...
Цэнтральны апарат Следчага камітэта адмяніў пастанову УСК па Заводскаму раёну Мінска аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця амапаўцамі ў навагоднюю нос акторкі Святланы Сакалоўскай.
Каля навагодняй ялінкі 1 студзеня 2018 года амапаўцы затрымалі сяброў Святланы і яна, спалохаўшыся за іх лёс, папрасіла і яе забраць разам з усімі. У адказ атрымала моцны ўдар дубінкай і ўпала. У шпіталі хуткай дапамогі дактары канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму, сатрасенне мозгу і пашкоджанні кісці рукі.
Упраўленне Следчага камітэта па Заводскаму раёну Мінска пачало праверку па заяве пацярпелай, аднак, відаць, там не надта дбалі пра яе вынікі. Некалькі разоў праверку працягвалі і ўрэшце 9 студзеня 2019 года канчаткова адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Апроч таго, доўгі час следчыя адмаўлялі Святлане і яе адвакату ў законным праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, парушаючы тым самым законныя правы дзяўчыны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна", занепакоены сітуацыяй вакол парушэння правоў актрысы Святланы Сакалоўскай, звярнуўся да спецыяльных дакладчыкаў ААН.
Праваабаронцы палічылі, што беларускія ўлады парушылі правы дзяўчыны, а таксама правы яе адваката, якому чыніліся перашкоды пры азнаямленні з матэрыяламі крымінальнай справы з боку супрацоўнікаў Упраўлення Следчага камітэта па Заводскім раёна г. Мінска.
Нарэшце, больш чым праз год, Цэнтральны апарат Следчага камітэта РБ прызначыў новую праверку па гэтай зацягнутай па часе справе. Зараз ізноў аднавіліся следчыя дзеянні і, магчыма, крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу, будзе нарэшце ўзбуджаная.