Медыкаў абавяжуць паведамляць міліцыі пра палавое жыццё беларусак да 16 гадоў
Інфармацыю аб інтымным жыцці дзяўчынак будуць перадаваць наўпрост у міліцыю, піша Свабода.
Аб гэтым 15 лютага на калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкаму паведаміў начальнік аддзелу па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч. Паводле Дубаневіча, гэта робіцца дзеля таго, каб выявіць злачынствы супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Ён спасылаецца на крымінальны артыкул 168 «Полавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў», які можа карацца пазбаўленнем волі да 10 гадоў. Санкцыя па гэтым артыкуле наступае з 16 гадоў.
«Калі гаворка ідзе пра дзяўчынку 14–15 гадоў, то здзейснена злачынства, і ўрачэбная таямніца тут не працуе», — сказаў Дубаневіч.
Працэдура, па словах міліцыянера, будзе наступная:
1. Дзяўчаткі да 16 гадоў штогод праходзяць абавязковыя медагляды (адмовіцца ад іх нельга)
2. Калі выявіцца, што дзяўчына мела полавую сувязь, гінеколаг паведамляе інфармацыю начальніку мясцовага УУС
3. Дзяўчыну накіроўваюць да псіхолага, які падрыхтуе яе да размоваў са следчым
4 Следчы будзе пытацца ў дзяўчыны падрабязнасці сэксуальнага кантакту, а потым распачынае праверку. Толькі на гэтай стадыі будуць праінфармаваныя бацькі.
Дубаневіч таксама параіў педагогам у гутарках аб полавай недатыкальнасці і бяспецы «не праводзіць грань па полавай прыкмеце». «Статыстыка сведчыць, што хлопчыкі і дзяўчаткі становяцца ахвярамі пэдафілаў у роўнай ступені», — адзначыў прадстаўнік УУС. Праўда, якім чынам будуць вылічаць ахвяраў сэксуальнага гвалту сярод хлопчыкаў, ён не ўдакладніў.