Гісторык Чарнякевіч: «Добрыя беларускія дарогі — шлях для танкаў»

Звольненыя з ўніверсытэта аўтары «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч і Вячаслаў Швед распавядаюць, як складваецца іхнае жыццё пасля звальнення.



Мінула ўжо амаль два гады, як гарадзенскія гісторыкі, выкладчыкі універсітэта імя Янкі Купалы — Андрэй Чарнякевіч і Вячаслаў Швед, аўтары кнігі «Гродназнаўства», звольненыя з працы.
Паводле афіцыйнай версіі, адзін з іх «сістэматычна парушаў працоўную дысцыпліну». А другога нібыта Рада ўніверсітэту «большасцю галасоў не зацвердзіла на пасаду прафесара». Але ёсць і іншая версія звальнення аўтараў «Гродназнаўства» — ўлады палічылі кнігу крамольнай, а былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра публічна заявіў, што раскрыў ва ўніверсітэце групу з 16 неблаганадзейных выкладчыкаў.
Вячаслава Шведа «не зацьвердзілі на пасаду прафесара» пасля больш 30 гадоў працы ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Андрэй Чарнякевіч тады толькі распачаў выкладчыцкую дзейнасць у якасці дацэнта: чытаў лекцыі, актыўна публікаваў навуковыя і папулярныя артыкулы па гісторыі Горадні.
Пасля выхаду ўжо трэцяга, дапоўненага выдання «Гродназнаўства» мінула ці не паўгода, адбылося некалькі прэзентацый, кнігу свабодна можна было набыць у гарадзенскіх кнігарнях, усе віншавалі, набывалі, чыталі — і раптам адбыўся сапраўдны выбух. Некаторых аўтараў пазбавілі працы, кніга знікла з продажу, нават пісалі, што яе выдалілі са школьных бібліятэк і навучальных устаноў.
Андрэй Чарнякевіч цяпер без вялікай ахвоты ўзгадвае тыя моманты. Было не проста, бо хваляваліся блізкія і родныя. Сябры дапамагалі, і ніякага амаральнага праступку за сабой ён не адчуваў, хаця страціў любімую працу, з якою было шмат звязана.
Цяпер ужо другі год ён навучаецца на паліталогіі ў дактарантуры Познаньскага ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча. Працягнуць займацца толькі гісторыяй на той момант, як кажа сам Чарнякевіч, у яго не атрымалася.
«Але і ў паліталагічных тэмах, у гэтых дысцыплінах заўсёды ёсць месца гістарычнаму досведу. Я спрабую зараз разбудаваць свае папярэднія даследаванні адносна вытокаў беларуска-польскіх палітычных узаемадачыненняў і працягнуць працу трохі ў іншай галіне. Так што вось гэта, на мой погляд, працяг папярэдняй працы».
Дарэчы, за гэты час Чарнякевіч апублікаваў дзесяткі артыкулаў, выйшлі дзьве ягоныя кнігі: «Красная книга Гродно» і «Пад крылом Каложы», апублікавана даследаванне «Шпацыр па беларускай Гародні». Зараз ён рыхтуе да выдання біяграфічны слоўнік эліты міжваеннай Горадні.
Цікаўлюся ў Андрэя Чарнякевіча — як ён цяпер ацэньвае «Гродназнаўства» і ці бачыць канкрэтнае прымяненне кнігі?
Суразмоўца ўсміхаецца і адказвае, што цяпер ставіцца да кнігі з большай павагай, чым тады, як над ёй вялася праца.
«Сёння гэта ўжо факт гісторыі, ёсць шмат новых кніг: лепшых, дапаўняючых, іншых. Таму я да яе стаўлюся, як да нечага, што я паважаю, яна практычна — падручнік. А наколькі яна запатрабаваная? Я не хачу казаць тут усе сакрэты і сакрэцікі, але, думаю, што запатрабаваная».
Андрэй Чарнякевіч цяпер жыве ў Польшчы і ў Горадні бывае ня так часта, як хацелася.
Цікаўлюся — якім бачыцца наш горад, калі падоўгу ў ім не бываеш?
Паводле Чарнякевіча, вонкавыя змены вельмі заўважныя ў лепшы бок. Пры тым самым Шапіры шмат чаго ў інфраструктуры горада змянілася да лепшага. Але гісторык кажа, што ёсць і іншы бок медаля, які таксама нельга не заўважыць: той унутраны заняпад, тое, што тычыцца сумлення, адносінаў паміж людзьмі, прынцыпаў, падставаў — на чым трымаецца грамадcтва.
«Ну добра, калі ўсё добра, але калі мы бачым, што эканоміка і палітыка ляціць у швах і атрымоўваецца, што людзей нічога не трымае разам, што няма ні ідэй, ні агульных каштоўнасцяў, то добрыя дарогі — гэта будзе толькі маршрут для танкаў. Таму ставішся да гэтага з пэўным сумам, бо як шмат мы атрымалі і як хутка можам гэта згубіць, калі не зробім намагання ў галоўным — неяк усё ж паспрабуем змяняць сябе, а не толькі наваколле».
Дамаўляючыся на сустрэчу з Вячаславам Шведам, увесь час застаю яго ў архіве, занятым пошукамі новых дакументаў. У яго за плячыма 14 напісаных кніжак, пераважна звязаных з гісторыяй Горадні, больш 300 навуковых публікацый, і гэтая праца ні на дзень не спыняецца.
Дарэчы, менавіта яму належыць ідэя напісання «Гродназнаўства» і ягоныя тэксты складаюць большую палову кнігі. Цікаўлюся ў спадара Шведа — над якой тэмай так упарта зараз працуе ў архіве?
«Пішу зараз кніжку пра паўстанне 1863 года, удзельнічаў у многіх канферэнцыях звязаных з гэтай тэмай. Выступаў на кангрэсе беларускіх даследчыкаў у Каўнасе. Як навуковец працягваю сваю дзейнасць. Пішу таксама кніжку, дакладней частку кнігі, па гісторыі беларускага гандлю — усё ж адмыслоўцы яшчэ і ў нас патрэбныя. А я ведаю, што я ў гэтым адмысловец і ніхто лепей за мяне гэта не напіша».
Швед няшмат распавядае пра сябе: канешне, былі праблемы, але з дапамогай сям’і, сяброў і проста добрых людзей іх перажыў. Яго хвалюе болей тое, што мэта, якую ставілі перад сабой аўтары «Гродназнаўства», так і не была выкананая.
«Мэта „Гродназнаўства“ заключалася ў тым, каб кніжкі разышліся па школах, каб яе вывучалі факультатыўна ці іншымі курсамі, ці экскурсійна-практычнымі маршрутамі. Гэта, на жаль, не было выканана, і за гэта мы, аўтары, вельмі хвалюемся. Менавіта дзеля гэтага мы яе пісалі і хацелі, каб дзеткі ведалі гісторыю свайго горада. Мы дзеля гэтага працавалі».
За паўтары гады пасля звальнення аўтараў «Гродназнаўства», паводле Вячаслава Шведа, адміністрацыя гарадзенскага універсітэта не працягнула кантракт з гісторыкам Інай Соркінай.
Яшчэ раней непатрэбнымі сталі ўніверсітэту Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук — тыя, хто цяпер сваімі працамі найбольш вядомы ў беларускай гістарычнай навуцы. Не змог далей працаваць у ГрДУ беларускамоўны юрыст Ігар Кузьмініч, а цяпер яшчэ некалькі выкладчыкаў гісторыі чакаюць, што ім не падоўжаць кантракты.
Вячаслаў Швед з жалем кажа пра гэта, паколькі Гарадзенская школа гісторыкаў створаная вялікімі высілкамі многіх таленавітых людзей, якую ў Беларусі можна было параўнаць толькі са сталічнай, становіцца незапатрабаванай у дзяржавы. Швед кажа, што нельга недаацэньваць працу тых, хто зараз выкладае на гістарычным факультэце. Але адсутнасць тых, каго прымусілі сыйсці, адчуваецца.
«Толькі вось гэтага ядра не засталося, якое акамулюе на перспектыву, якое рыхтавала аспірантаў, будучых кандыдатаў навук, будучых гісторыкаў, якія б займаліся новай праблематыкай — такой, якой займаюцца навукоўцы ў еўрапейскіх краінах, каб мы трымалі належны ўзровень развіцця гістарычнай навукі. Такіх застаецца мала, звальняюцца тыя, хто працуе на перспектыву, на будучае беларускай навукі, распрацоўваюць пытанні нацыянальнай гісторыі».
Кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. У яе 38 параграфах апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю гораду. Кніга выдадзена на добрай мелаванай паперы са шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя з якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед. Усе яны належаць да Гарадзенскай гістарычнай школы.

svaboda.org