Год адставак: У 2014-м пасады страціла 9 міністраў, за 2012–2013 — толькі 5

Акрамя гэтага, партфеляў пазбавіліся кіраўнікі камітэтаў Дзяржкантролю і Дзяржмаёмасці, "мэр" Мінска, тры “губернатары” і тры віцэ-прэм’ера.



1354126082_80094169_26_dom_pravitelstva_respubliki_belarus_gdeto_zdes_sidit_lukashenko_lyuboy_snayper_mozhet_legko_syuda_probratsya.jpg

Агулам за 2014 год склад урада, разам з усімі віцэ-прэм’ерамі, міністрамі і кіраўнікамі камітэтаў, змяніўся на траціну. Напалову змяніўся склад “губернатараў”. У дадатак маем новага старшыню праўлення Нацбанка, кіраўніка Мінгарвыканкама, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і шэраг іншых VIP-чыноўнікаў. “Чорнай суботай” для дзяржаўных мужоў стала 27 снежня, калі Лукашэнка прызначыў 4 новых міністраў, прэм’ера, трох віцэ-прэм’ераў.

Але яшчэ раней у 2014 годзе было прызначана цэлых пяць міністраў і кіраўнік Камітэта дзяржкантролю. Еўрарадыё згадвае, як гэта было.

Першы — міністр сувязі Мікалай Панцялей

Першым у 2014 годзе пасады міністра пазбавіўся Мікалай Панцялей, былы міністр сувязі. Працаваў на сваёй пасадзе нечакана доўга для беларускага міністра — ажно з 2006 года. Замест яго міністэрства ўзначаліў Сяргей Папкоў, які раней тры гады кіраваў “Белтэлекамам”, а яшчэ раней — Мінскімі гарадскімі тэлефоннымі сеткамі.

Новы міністр фінансаў

Андрэй Харкавец пакінуў пасаду міністра фінансаў 21 чэрвеня, восенню яго замяніў Уладзімір Амарын. Амарын працаваў у Мінфіне на розных пасадах з 2006 года. На момант прызначэння міністрам яму было 53 гады.

Першая жанчына — міністр інфармацыі

Лілія Ананіч афіцыйна ўзначаліла Міністэрства інфармацыі 30 чэрвеня. І стала ўсяго чацвёртай кіраўніцай ведамства. Рэч у тым, што Мінінфармацыі было створанае толькі ў 2001 годзе, раней яго функцыі выконваў Дзяржаўны камітэт па друку. Першым міністрам інфармацыі Беларусі стаў інжынер-канструктар і палітолаг Міхаіл Падгайны. Працаваў на пасадзе ўсяго два гады — у жніўні 2003 міністрам інфармацыі стаў Уладзімір Русакевіч, які дагэтуль працаваў амбасадарам у Кітаі.

Новы міністр абароны

Андрэй Раўкоў стаў міністрам абароны 27 лістапада, замяніў Юрыя Жадобіна. Раўкоў стаў шостым міністрам абароны незалежнай Беларусі з 1991 года. Даўжэй за іншых кіраваў ведамствам Леанід Мальцаў. Ён быў міністрам двойчы — год у 1995-1996 гадах і восем гадоў з 2001 па 2009. Цяпер Мальцаў кіруе Памежным камітэтам.

Новы кіраўнік Мінска

Андрэй Шорац стаў кіраўніком Мінгарвыканкама, яго месца на пасадзе міністра ЖКГ заняў Аляксандр Церахаў. Шорац стаў толькі пятым кіраўніком Мінгарвыканкама за часы незалежнасці. Больш за ўсіх сталіцай кіраваў Міхаіл Паўлаў — з 2000 па 2009 год. Да Мінгарвыканкама Паўлаў кіраваў Гарвыканкамам у Баранавічах. Прычынай сыходу стала працяглая хвароба — памёр Міхаіл Паўлаў у 2010 годзе.

А Андрэй Шорац пакуль самы малады “мэр” Мінска — яму ўсяго 41 год. Таму ж Мікалаю Ладуцьку было 50, калі ён узначаліў Мінгарвыканкам.

Новы кіраўнік Мытнага камітэта

У лістападзе ім стаў начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Юрый Сянько, а замяніў ён старажыла Аляксандра Шпілеўскага. Шпілеўскі займаў пасаду старшыні Мытнага камітэта Беларусі ажно 13 гадоў — рэдкая для Беларусі з’ява. Адной з магчымых прычын адстаўкі Шпілеўскага называлі незадаволенасць Лукашэнкі тым, што мытня не павялічвае адлічэнні ў бюджэт.

Запомніўся Шпілеўскі журналістам ён і тым, што ў 2006 годзе адсудзіў у “Камсамольскай праўды” 60 мільёнаў рублёў за няправільны подпіс пад фотаздымкам — здымак кіраўніка Мытнага камітэта надрукавалі побач з выказваннем футбольнага агента Мікалая Шпілеўскага.

Новы кіраўнік Дзяржкантролю

14 кастрычніка Леанід Анфімаў афіцыйна стаў кіраўніком Дзяржкантролю. Раней гэтую структуру ўзначальваў Аляксандр Якабсон. Анфімаў стаў шостым кіраўніком у гісторыі Дзяржкантролю з 1996 года. Да КДК існавалі Кантрольная палата (створаная ў 1992 годзе, адзіны кіраўнік — Васіль Саковіч) і Служба кантролю прэзідэнта (створаная ў 1994 годзе, кіравалі ёй Васіль Далгалёў і Мікалай Дамашкевіч). Той жа Дамашкевіч узначаліў створаны ў 1996 годзе Камітэт дзяржкантролю. Пасля яго КДК два гады кіраваў сённяшні прэм’ер Андрэй Кабякоў. З 2000 па 2006 год — адпраўлены 27 снежня ў адстаўку віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Да 2010 года — Зянон Ломаць. Аляксандр Якабсон таксама кіраваў структурай 4 гады — амаль да канца 2014.

Чаму пасадаў пазбавілася такая колькасць VIP-чыноўнікаў?

Палітолаг Андрэй Ягораў мяркуе, што ўлады такім чынам спрабуюць знайсці людзей, здольных захаваць стабільнасць у краіне да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года:

Дастаткова няпросты год быў. Беларусі трэба было плаціць па крэдытах, якія бралі раней. Сістэмныя праблемы ў эканоміцы не былі вырашаныя, а яны маюць назапашвальны эфект. І таму, магчыма, напярэдадні выбараў 2015 года адбыўся такі пошук новых кадравых рашэнняў, якія б забяспечылі больш стабільную сітуацыю”.

Афіцыйна — Лукашэнка прызнае, што ў Беларусі адбываецца вялікая перастаноўка ў розных сферах улады.

Я проста хачу нагадаць, што гэты працэс пачаўся не сёння. Былі прызначаныя такія пасады, як кіраўнік Камітэта дзяжкантроля Алег Анфімаў, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман, Аляксандр Радзькоў зусім нядаўна быў прызначаны памочнікам прэзідэнта. Андрэй Шорац стаў кіраўніком Мінгарвыканкама”, — паведаміў кіраўнік краіны абвяшчаючы аб новых прызначэннях 27 снежня.