Мэру Крывога Рога людзі прывезлі дахаты 5 т снегу ў знак пратэсту
Жыхары ўкраінскага Крывога Рога стаміліся ад нячышчаных дарог і ходнікаў. Каб выказаць сваё абурэнне і правучыць мясцовыя ўлады, 4 студзеня яны сабралі ў горадзе снег і адвезлі яго да дома мэра Юрыя Вілкула.
У акцыі ўдзельнічалі актывісты «Аўтамайдану», «Свабоды», «39-й Жаночай сотні», «Крывы Рог супраць рэжыму і дыктатуры» і
«Правага сектара», яны самастойна прыбралі снежныя гурбы з прыпынкаў грамадскага транспарту і пасыпалі пяском дарожкі вакол. Яны набралі больш за 5 тон снегу з прыпынкаў на вуліцы
Сямашка і плошчы Вызвалення. Пасля гэтага вырашылі паказаць, як працуюць 140 адзінак тэхнікі, пра якія раней паведамляў мэр Крывога Рога Юрый Вілкул. Для гэтага накіраваліся да загараднага дома
гарадскога галавы, які знаходзіцца ў вёсцы Чкалаўка.
У Чкалаўцы сабраны снег высыпалі з грузавікоў пад плот асабняка.
Людзі заяўляюць: падобныя акцыі будуць паўтарацца, калі сітуацыя ў горадзе не зменіцца. Іх абурае, што ў тым самым сяле дарогі добра пачышчаны, а ў цэнтры — не, прычым гэта адбываецца
рэгулярна.
Калі ў канцы снежня Крывы Рог засыпала снегам, там паўсталі каласальныя праблемы з камунікацыяй. Перастаў хадзіць электратранспарт — каляіну не было нават відаць з-пад снегу, тры вагоны
затрымаліся ў гурбе. А кіраўнік горада заявіў: на дарогах працавала 140-150 адзінак спецтэхнікі.