Берлін: Новыя санкцыі могуць прывесці да хаосу ў Расіі
Новыя санкцыі супраць Расіі непажаданыя, лічаць у нямецкім урадзе.
Еўропа баіцца, што новыя санкцыі выклічуць хаос і закалоты ў Расіі. Фота loveopium.ru
Узмацненне санкцыяў супраць Расіі можа яшчэ больш дэстабілізаваць сітуацыю і прывесці да хаосу ў краіне, заявіў віцэ-канцлер Нямеччыны Зігмар Габрыэль, перадае Бі-Бі-Сі.
«Мы хочам дапамагчы вырашыць канфлікт ва Украіне, а не паставіць Расію на калені», – сказаў нямецкі палітык у інтэрв'ю газеце «Bild am
Sonntag».
Зігмар Габрыэль, які таксама з'яўляецца міністрам эканомікі Нямеччыны і ўзначальвае Сацыял-дэмакратычную партыю, распавёў, што Берлін «ніколі не ставіў мэтай прывесці Расію да
палітычнага і эканамічнага хаосу».
«Тыя, хто хочуць гэтага, выклічуць у выніку значна больш небяспечную сітуацыю для ўсёй Еўропы», – адзначыў нямецкі чыноўнік і дадаў, што Расія – гэта ядзерная
краіна.
Мэта санкцый – прымусіць Расію сесці за стол перамоваў, патлумачыў Зігмар Габрыэль.
Пра магчымасць адмены заходніх санкцый супраць Расіі заявіў раней прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Аднак, паводле яго слоў, для такога кроку неабходна адна ўмова – прагрэс у вырашэнні
крызісу на ўсходзе Украіны.
«Я думаю, што мы павінны спыніць прыняцце новых санкцыяў. Калі будзе дасягнуты прагрэс, санкцыя павінны быць адмененыя. Калі прагрэсу не будзе, санкцыі застануцца ў сіле»,
– распавёў французскі прэзідэнт у інтэрв'ю радыёстанцыі «France Inter».
У пятніцу 9 студзеня міністры замежных справаў Украіны, Расіі, Францыі і Нямеччыны працягнуць перамовы дзеля ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Чакаецца, што ў Берліне дыпламаты ўзгодняць
арганізацыйныя моманты сустрэчы лідараў чатырох краінаў у Астане 15 студзеня. Нямеччына і Францыя папярэджваюць: калі ніякага прагрэсу ў перамовах у Берліне не будзе, яны могуць адмовіцца ад сустрэчы
ў Астане.
belsat.eu