Голас і Логас Рыгора Барадуліна

31 траўня ў межах цыкла “Urbi et Orbi” Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць віцебскіх слухачоў на лекцыю памяці Рыгора Барадуліна — “Голас і Логас Рыгора Барадуліна”.  Паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла звернецца да прысутных з пытаннямі, на якія мы, напэўна, будзем шукаць адказы не адно дзесяцігоддзе.



baradulin_viciebsk21.jpg

Ці ацанілі мы напоўніцу, з кім жылі побач? Як разгадаць мову Барадуліна? У чым таямніца і чараўніцтва вобраза Маці ў барадулінскай паэзіі? Наколькі ж сапраўды беларусы ведаюць свайго Паэта — як асобу, як творцу, наколькі разумеюць глыбіню і сутнасць ягонага слова?

Родныя мясціны для творцы маюць выключнае значэнне, гэта не проста блізкія сэрцу краявіды — ёсць у іх нешта сакральнае. У іх — крыніца натхнення, прычына радасці, смутку і болю, у родных мясцінах — вытокі тых сілаў, якія  дапамагаюць паэту дашуквацца глыбінных сэнсаў роднага Слова.

“Барадулінская паэзія акумулявала ў сабе і беларускую мудрасць, і беларускую дабрыню, і беларускі досціп. Усё наша шматпраяўнае быццё адлюстравалася ў ёй, і глядзім мы з радасным здзіўленнем на тое адлюстраванне: а мы, аказваецца, і цікавыя, і самадастатковыя, і нябедныя, і хадзіць нам у пазыкі да чужога дзядзькі не варта. Паводле сваёй метафорыкі, вобразатворчасці сваёй Барадулін папросту не мае сабе роўных. Беларусі ён дадзены як бы навырост. Чытаючы і спасцігаючы яго, мы будзем расці — і духоўна, і нацыянальна”, — сказаў у інтэрв’ю напярэдадні мінскай лекцыі Міхась Скобла.

Запрашаем да спазнання Рыгора Барадуліна!..

Лекцыя адбудзецца 31 траўня ў залі Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5), пачатак а 17.00. Уваход вольны!