Гомельскі архітэктар Сяргей Ляпін падаў у суд на дзяржаўную газету
Гомельскі ўрбаніст і архітэктар, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сяргей Ляпін, аўтар шматлікіх публікацый пра будоўлі ў цэнтры Гомеля, падаў іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Адказчыкамі па справе названы абласная дзяржаўная газета "Гомельская праўда" і яе карэспандэнт Раман Старавойтаў.
20 траўня ў афіцыйнай газеце за подпісам Старавойтава выйшаў артыкул “Ляпнул раз, ляпнул два… Все неймется”, у якім аўтар абвінавачвае архітэктара ў хлусні, правакацыях і нават парушэнні нацыянальнай бяспекі.
— Гэта не першая публікацыя з падобнымі беспадстаўнымі абвінавачваннямі і абразлівымі маніпуляцыямі маім прозвішчам, — гаворыць Ляпін.

Сяргей Ляпін патрабуе ад “Гомельскай праўды” абвяржэння непраўдзівай інфармацыі і прынясення яму афіцыйных прабачэнняў журналіста і рэдакцыі.
Будучы архітэктарам па адукацыі, Сяргей спрычыніўся да шэрагу гарадскіх праектаў па добраўпарадкаванні горада. У прыватнасці, з яго ініцыятывы тэлефонная скрыня-размеркавальнік на плошчы Перамогі ператворана ў “Кніжную шафу”. Пастаўлены “Тэлепорт” каля абласной бібліятэкі. На вуліцы Кірава на сцяне дома створаны мурал з выявай выдатнага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, рэпрэсаванага ў 30-я гады мінулага стагоддзя.
baj.by