Гомельскі ваенкам Крываносаў атрымаў ад Лукашэнкі не толькі «зарад энергіі», але яшчэ і медаль

Ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў атрымаў ад Лукашэнкі не толькі «зарад энергіі», але яшчэ і медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 26 лютага, паведамляе яго прэс-служба. Акрамя ваенкама дзяржаўных узнагарод удастоены 58 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці.

ont.by

ont.by

Перад тым як адправіцца на УНС, ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў падзяліўся з журналістамі сваімі ідэямі. Адна з іх — зрабіць у Беларусі свой уласны інтэрнэт.
Выступіць з-за часовага ліміту на сходзе ваенкаму так і не ўдалося. Тады ён папрасіў атрымаць ад Лукашэнкі «зарад энергіі» і паціснуць яму руку.
Вярнуўшыся ў Гомель, Крываносаў неадкладна перадаў «зарад энергіі» вайскоўцам.
У роліку ваенкам пракаментаваў свае дзеянні наступным чынам: «Я, палкоўнік Крываносаў, удастоіўся гонару і атрымаў ад Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зарад энергіі і рашучасці, які маю намер зараз перадаць беларускім вайскоўцам».
А неўзабаве эстафета поціскаў рукі была перададзена і супрацоўнікам Гомельскага УУС.

Што за медаль?

Медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», як паведамляе сайт Лукашэнкі, узнагароджваюць за асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры затрыманні злачынцаў або ліквідацыі злачынных груп, ахове жыцця і здароўя людзей; за ўмелыя, iнiцыятыўныя i смелыя дзеяннi, якiя садзейнiчалi паспяховаму выкананню падраздзяленнем, нарадам аператыўна-службовых i службова-баявых задач па спыненні злачынных і іншых супрацьзаконных дзеянняў; за ўмела арганiзаваныя i ажыццёўленыя дзеяннi па папярэджанні, выяўленні і спыненні злачынстваў, іх усебаковым, поўным, аб'ектыўным і аператыўным расследаванні, а таксама па ажыццяўленні судова-экспертнай дзейнасці; за ўмелую арганiзацыю работы i высокую рэзультатыўнасць дзейнасцi органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю; за актыўны ўдзел i дапамогу органам унутраных спраў і ўнутраным войскам у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі.
Паводле tut.by