Гомельскія ўлады адмовіліся ад рамонту помніка Леніну праз «дэфіцыт сродкаў»
Кіраўніцтва Гомельскага гарвыканкама перадумала рамантаваць помнік Леніну, які стаіць у скверы ля кінатэатра «Мір».

Той самы «аварыйны» помнік Леніну
З ініцыятывы мясцовых камуністаў першапачаткова планавалася выдаткаваць на гэта з мясцовага бюджэту 34 тысячы рублёў, перадае «Радыё Свабода».
Аднак гамельчукі стварылі петыцыю з просьбай не марнаваць сродкі на абнаўленне скульптуры, а дэмантаваць яе, калі яна стварае небяспеку. Да таго ж, адзначалася, што гэты помнік — тыпавы і не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зэканомленыя грошы гамельчукі прапанавалі перадаць на медыцыну.
Пад зваротам падпісаліся больш за 300 чалавек. Ініцыятары атрымалі адказ, у якім першы намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Германаў паведаміў, што «працэдура выбару падраднай арганізацыі на рамонт названага помніка адмененая».
У лісце чыноўнік патлумачыў, што пошук падрадчыкаў адмянілі «ў сувязі з дэфіцытам бюджэтных сродкаў».
Наконт прапановы перадаць грошы медыкам адказу не паступіла.
Раней жыхары абласнога цэнтра востра крытыкавалі кіраўніцтва горада за выдаткаванне мільёнаў бюджэтных рублёў на грамадскую прыбіральню і гіганцкі флагшток.