Горад, утульны для кожнага
У Магілёве прайшоў крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі: інклюзія».

1 лютага ў Магілёве у межах сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» адбыўся другі рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. 130 вучняў з Магілёва і Магілёўскай вобласці сабраліся ў бізнэс-цэнтры «Атрыум», каб абмеркаваць важныя пытанні ў сферы інклюзіі і прапанаваць свае варыянты іх вырашэння.

Школьнікам дэманстравалі ролікі выступленняў вядомых спікераў, прысвечаныя праблемам людзей з асаблівымі патрэбамі. Пасля гэтага ўдзельнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў разважалі пра тое, як можна было б вырашыць падобныя пытанні ў Беларусі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй.
Першае разгледжанае ўдзельнікамі пытанне: як зрабіць так, каб грамадства больш ведала пра інклюзію? Сярод агучаных школьнікамі ідэй для яго вырашэння — абвясціць у Беларусі год інклюзіі, стварыць некалькі мультфільмаў і мастацкіх стужак, дзе галоўныя героі — людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Адна з важных думак, якая прагучала на крэатоне, — ужо з дзяцінства размаўляць у сям’і пра тое, як важна ствараць утульнае асяроддзе для ўсіх груп грамадства.

Другое пытанне, якое абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы — што можна зрабіць у гарадской прасторы, каб яна стала больш камфортнай і прыстасаванай для усіх гараджан? Школьнікі прапанавалі адкрыць кавярні з персаналам, які валодае мовай жэстаў, і дадаць у меню апісанні страў шрыфтам Брайля. Таксама старшакласнікі выказаліся за тое, каб вывучаць мову жэстаў яшчэ з пачатковых класаў у школе. На думку моладзі, варта распрацаваць спецыяльны бранзалет для людзей з пэўнымі відамі алергічных рэакцый. Крэатон прайшоў у надзвычый творчай атмасферы з вялікай колькасцю інтэрактыўных заданняў для старшакласнікаў. Удзел у ім бралі і падлеткі з асаблівасцямі развіцця. Каб прадэманстраваць, што людзі з асаблівымі патрэбамі здольны рэалізоўваць уласныя праекты і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, на крэатоне быў прадстаўлены праект «Інклюзіўны барыста»: у зале працавала мабільная кавярня, дзе працуюць людзі на інвалідных вазках.

Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разглядалі спецыялісты па вызначаных тэмах, прадстаўнікі кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці. Эксперты, сярод якіх Ганна Іванова — срэбраны прызёр чэмпіяната Еўропы па танцах на вазках, Кацярына Шулякоўская — псіхолаг Сямейнага інклюзіў-тэатра “і”, Аляксандр Аўдзевіч — аўтар шматлікіх праектаў у сферы інклюзіі, звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі.

Каманды, якія прапанавалі самыя ўдалыя і цікавыя ідэі, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы — карысныя парады ды каментары ад экспертаў. Напрыканцы мерапрыемства журы вызначыла найлепшага прамоўцу крэатона, якім стаў 11-класнік з Магілёва Павел Ананіч.
Рэгіянальныя крэатоны — частка адукацыйнай праграмы праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Першы крэатон адбыўся ў Віцебску і стаў адной з яркіх падзей у жыцці паўночнай сталіцы. Падобныя крэатоны пройдуць 15 лютага ў Гродне («Першыя ідэі: тэхналогіі») і 29 лютага ў Гомелі («Першыя ідэі: экалогія»). Да кожнага мерапрыемства выйдуць эпізоды падкаста «Першыя», гаворка ў якіх пойдзе пра дзейнасць у галіне тэхналогій і экалогіі.

«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk. Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by.