Гошчаўская школа застанецца беларускамоўнай
У школе вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёна захаваюць беларускую мову
навучання. Такі адказ на грамадскую петыцыю далі чыноўнікі з упраўлення
адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Раней жыхарка вёскі Юлія Папко, якая сама па адукацыі беларускі філолаг, пачала збіраць подпісы бацькоў за перавод школы на рускую мову навучання. З гэтай нагоды на сайце petitions.by стварылі петыцыю з патрабаваннем захаваць беларускую мову. Пад зваротам паставілі 72 подпісы. Дакумент даслалі ў Міністэрства адукацыі.
Чыноўнікі адказалі, што аддзел адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама не прасіў пераводзіць школу на рускую мову і прасіць не збіраецца. Таксама адзначана, што адміністрацыя і большасць настаўнікаў школы выступаюць супраць пераводу навучання на рускую мову, а большасць бацькоў жадае пакінуць школу беларускай.
Ва ўпраўленні адукацыі спасылаюцца на статут школы, паводле якога мова навучання — беларуская, нязменна, ад моманту заснавання ў 1965 годзе.
Паводле «Радыё Свабода»