Граф Прушынскі: Штаб-кватэра ААН павінна быць у Мінску
Аляксандр Прушынскі збіраўся балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але яго ініцыятыўная група па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48 не была зарэгістравана з прычыны недакладных дадзеных трох чалавек у спісе групы.
Але і без гэтага у
графа вельмі шмат ініцыятыў.
Аляксандр Прушынскі распавёў Радыё Рацыя:
— Мая прапанова для беларускіх уладаў такая — яны павінны зрабіць усё, каб перамясціць штаб-кватэру ААН у Менск. Гэта важна не толькі для прэстыжу краіны, але і горад атрымаў бы дадатковыя эканамічныя бонусы. У беларускую сталіцу прыехалі б тысячы замежных дыпламатаў, штогод яны б пакідалі каля 60 мільёнаў даляраў.
— Ваша ініцыятыва нагадвае жаданне Астапа Бендэра зрабіць Нью-Васюкі сусветнай шахматнай сталіцай…
— Паверце, у Мінска шмат пераваг перад Нью-Ёркам, дзе зараз знаходзіцца штаб-кватэра ААН. Мінск — чысты, спакойны і даволі танны горад. Кошт утрымання дэлегацый у беларускай сталіцы прыкладна на 30 адсоткаў меншы, чым у Амерыцы. Але хачу адзначыць, што арганізацыя пераносу штаб-кватэры ААН можа быць паспяховай толькі пры ўмове, калі Беларусь будзе сапраўды незалежнай краінай, а не адным з рэгіёнаў Расіі.
— Вы збіраліся пазмагацца за дэпутацкі мандат, але не атрымалася. Навошта вам дэпутацтва?
— Хацеў на парламенцкіх сесіях уносіць свае прапановы, а іх у мяне багата. Напрыклад, я хацеў бы палепшыць жыццё людзей у ваўкавыскім рэгіёне, адкуль сам родам. Па-першае, прапаноўваў адкрыць польскі ВНУ ў Ваўкавыску, бо многія едуць на вучобу ў Польшчу. Па-другое, трэба, каб праз гэты горад хадзіў цягнік у Беласток.
І яшчэ я хацеў бы, каб у гэтым раённым цэнтры быў арганізаваны фестываль кантры-музыкі па прыкладу Польшчы і было польскае консульства.
— Дзе вы зараз жывяце?
— У Мінску. Мая жонка, якая працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы, атрымала кватэру.
— Але пенсію атрымліваеце не ў Беларусі?
— У мяне канадская пенсія — 1600 долараў у месяц. На жыццё хапае…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара