Грамадскасць прапанавала Румасу адмовіцца ад будаўніцтва НВЦ каля Курапатаў

Беларуская грамадскасць 24 верасня звярнулася да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з прапановай адмовіцца ад узвядзення Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) каля ўсходняй мяжы Курапатаў.  

zvarot_rumas_v.jpg

Пад зваротам стаяць 170 подпісаў, сабраных актывістамі грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» падчас вандроўкі па Беларусі дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні». Вадроўка па маршруце Мінск-Віцебск-Орша-Баранавічы-Клыпаўшчына-Магілёў-Гомель-Кобрын адбывалася з 6 па 23 верасня.
У звароце да Сяргея Румаса «Захаваем мемарыяльнае поле паміж Курапатамі і “Экспабелам!”» узгадваецца, што па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя НВЦ, дзе прадугледжана яго размяшчэнне паміж Курапатамі і «Экспабелам». Дзеля ажыццяўлення гэтага праекту рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы.
У звароце зазначаецца, што ўрочышча з’яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння пад назвай «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».
«На курапацкіх пагорках ляжаць тысячы нашых з Вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, таму Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яны яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце.
Яго падпісанты лічаць, што ўзвядзенне НВЦ у абраным месцы парушыць гістарычны выгляд поля з яго ландшафтам, краівяднымі пунктамі і грунтовай «Дарогай смерці», па якой ахвяраў вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай і сусветнай гісторыі.

zvarot_rumas_a_logo.jpg

Апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
Падпісанты звароту ўпэўненыя, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На думку грамадскасці, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ.
Зыходзячы з таго, што абраны для будаўніцтва НВЦ пляц не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць прапануе Сяргею Румасу перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і «Экспабелам» статус месца нацыянальнай памяці.

kurapaty_7_logo.jpg