Грэка-католікам выставілі рахунак за пілігрымку. Яна адмененая
9 ліпеня павінна была распачацца пілігрымка вернікаў-уніятаў з Віцебску ў Полацак, прысвечаная памяці святога Язафата Кунцэвіча і полацкіх пакутнікаў, забітых за веру.
За дзень да пачатку пілігрымкі віцебскі святар Зміцер Грышан, пробашч парафіі Уваскрэсення Хрыстовага, быў вымушаны адклікаць сваю заяўку ў аблвыканкам. Паводле пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь №49, за ахову пілігрымаў міліцыяй са святара запрасілі каля трох тысяч беларускіх рублёў.
Аказалася, што ільготы, нібыта нададзеныя рэлігійным арганізацыям у падобных выпадках, на гэтую пілігрымку не дзейнічаюць.
У вернікаў няма такіх сродкаў, распавёў айцец Зміцер «Радыё Рацыя»:
— Так здарылася, што мы атрымалі дазвол на правядзенне гэтай пілігрымкі, але не атрымалі магчымасцяў не плаціць і не заключаць дамоваў, якія прадугледжаны гэтай пастановай. Мы шукалі, ці ёсць магчымасць не плаціць, але няма такой магчымасці. Тады мы прасілі, каб нас не ахоўвалі: мы самі будзем сачыць за парадкам, мы маем досвед гэтага. Таксама няма магчымасці. У нас і блізка няма такіх сродкаў — каля трох тысячаў рублёў. Такую суму мы не можам нават разглядаць.
Паводле айца Зміцера, падчас нядаўняй пілігрымкі ў Будслаў не паўставала такіх праблемаў, бо тамтэйшае святкаванне ў гонар Маці Божай Будслаўскай мае статус агульнадзяржаўнай імпрэзы. Лакальная ж пілігрымка будзе разглядацца як масавае шэсце паводле Закону аб масавых мерапрыемствах, за якія належыць плаціць арганізатарам.
Святара папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасці і штрафных санкцыях да ўдзельнікаў пілігрымкі, таму ён прыняў рашэнне адклікаць заяўку.