Алеся Кіркевіча хочуць судзіць за матэрыял пра гарадскія падвалы
Да журналіста Алеся Кіркевіча 10 студзеня прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што ў дачыненні да яго заведзена справа па артыкуле 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), піша hrodna.life.
Сюжэт пра патэнцыял старых гродзенскіх падвалаў быў паказаны на Белсаце 7 снежня. Алесь Кіркевіч як гродзенскі гісторык і журналіст дапамагаў яго рабіць.
“Дык а чым дрэнна распавесці польскаму, літоўскаму, ды хоць партугальскаму каналу пра тое, што ў маім горадзе ёсць што паглядзець, сюды варта ехаць, пакідаць грошы і г.д.? – распавядае Hrodna.life Алесь Кіркевіч. – Перакананы, што судовы пераслед у дачыненні журналістаў, якія распавядаюць пра гісторыю і турыстычны патэнцыял Гродна – натуральнае шкодніцтва: супраць свайго гораду і сваёй дзяржавы. Кажуць, Белсат – “польскі” канал. Дык а адкуль вы турыстаў чакаеце? З Венесуэлы ці з Польшчы і Літвы?
Дзе ў матэрыяле крамола ці паклёп? Не бачу такога. А значыць – міліцыі і судам чарговы раз спускаюць дурныя разнарадкі марнаваць свой час і займацца, фактычна, непрофільнай шкоднай дзейнасцю”.
Нагадаем, у Беларусі ідзе актыўны ціск на журналістаў якія супрацоўнічаюць з Белсатам.