Гродзенскія чыноўнікі ўключылі дурня, адказваючы на петыцыю пра помнік паўстанцам 1863 года

Гродзенскі гарвыканкам эпічна адказаў на петыцыю пра зніклы помнік паўстанцам 1863 года. Пра неацэнную рэакцыю чыноўнікаў распавядае hrodna.life.

Мемарыяльны
знак у памяць пра падзеі паўстання 1863 года і шыльда ў гонар савецкіх
чыгуначнікаў-падпольшчыкаў, на якую яго замянілі. Фота тэлеграм-канала 11:27

Мемарыяльны знак у памяць пра падзеі паўстання 1863 года і шыльда ў гонар савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў, на якую яго замянілі. Фота тэлеграм-канала 11:27

Гродзенскі гарвыканкам не мае звестак пра памятны знак паўстанцам 1863−1864 гадоў, які ў ліпені знік са сцяны чыгуначнага вакзала. Такі адказ дала намесніца старшыні Зоя Кулеша на петыцыю гродзенцаў. У ёй гараджане прасілі растлумачыць, хто вырашыў дэмантаваць помнік і які яго лёс.

Што здарылася?

20 ліпеня стала вядома, што з будынка чыгуначнага вакзала ў Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася шыльда, прысвечаная cавецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. Знак правісеў на сцяне вакзала каля 30 гадоў, яго аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.

Петыцыю падпісалі 72 чалавекі. У ёй прасілі растлумачыць:

Па якой прычыне быў дэмантаваны памятны знак паўстанцам 1863 года?

Дзе знак знаходзіцца цяпер?

Які яго лёс, дзе і калі ён будзе ўсталяваны ў выніку?

Паколькі ўсе дакументы па памятных дошках і помніках паводле закону павінны праходзіць праз Міністэрства культуры, згодна з якім рашэннем міністэрства быў дэмантаваны памятны знак паўстанцам 1863 года?

Знак мае вялікую каштоўнасць як частка турыстычных маршрутаў па Гродне, сцвярджаюць аўтары петыцыі. Тым больш, будынак чыгуначнага вакзала — адзін з самых вялікіх будынкаў Гродна, каля яго ёсць плошча і сквер, так што цалкам рэальна размясціць на прылеглай тэрыторыі абодва памятныя знакі — і ў гонар падпольшчыкаў-антыфашыстаў, у і гонар герояў-паўстанцаў.


Глядзіце таксама

Няма звестак — значыць, выкралі?

Падобныя адказы з гарвыканкама прыйшлі і іншым неабыякавым беларусам, якія спрабавалі даведацца лёс знака.

«Спачатку Гродзенскі гарвыканкам «не ведаў», што памятны знак у гонар паўстанцаў 1863 года, які размяшчаўся на тэрыторыі чыгуначнага вакзала, з’яўляецца творам дэкаратыўна-манументальнага мастацтва. Калі ім паказалі канкрэтны пункт, то высветлілася, што яны нічога не ведаюць ні пра знак, ні пра тое, што з ім стала. Ага. Ну тады давядзецца пісаць заяву на выкраданне твора мастацтва», — напісаў Telegram-канал «Спадчына».

Паводле версіі Telegram-канала Hrodna 11:27, да знікнення знака можа быць датычная праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая вельмі крытычна ставіцца да антырасійскіх паўстанняў 18−19 стагоддзяў. Яна ўжо пахваліла Зою Кулешу за падобныя адказы.