Хто ачоліць прыхільнікаў Руху «За Свабоду» на Дзень Волі?
Арыштаваны сябра Мінскай рады Руху «За Свабоду» Алесь Славінскі, які займаўся арганізацыяй калоны актывістаў для ўдзелу ў шэсці 25 сакавіка на Дзень Волі.
Пра гэта паведаміла Вольга Быкоўская, якой патэлефанава на просьбу Алеся Славінскага дзяжурны міліцыянт Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.
Алесь Славінскі арыштаваны за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі на 15 сутак.
“Апошнія два дні мы з’яўляемся сведкамі беспрэцэдэнтнага ціску на грамадскіх актывістаў і, у прыватнасці, на актывістаў Руху “За Свабоду”. Так, на Градзеншчыне затрымалі і арыштавалі Эдуарда Дмухоўскага і Вадзіма Левана, адпаведна на 15 і 7 сутак. Пакараны 12 суткамі арышту і штрафам за непавагу да суду бярозаўскі актывіст Вітольд Ашурак. Спрабуюць ізаляваць Леаніда Гаравога з Гарадка Віцебскай вобласці. Улады спрабуюць нейтралізаваць найбольш актыўных нашых сяброў перад Днём Волі. Менавіта яны становяцца першай мішэнню падчас рэпрэсій”, — адзначыла Сябра Рады Руху "За Свабоду" Вольга Быкоўская.
Нагадаем, старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч быў затрыманы і пакараны арыштам у 15 сутак пасля Маршу недармаедаў у Маладэчна 15 сакавіка. Мяркуецца, што ён выйдзе на свабоду ўвечары 25 сакавіка. Таксама па справе “падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў” затрыманы Сяргей Стрыбульскі. Не адказваюць тэлефоны Алеся Талстыкі і Антона Жылкі, якія верагодна таксама затрыманыя.