Хто будзе «самааддана здзяйсняць подзвігі» дзеля чаркі, скваркі і «каб мяне не чапалі»?

За тры гады беларуская стабільнасць так і не змагла выціснуць з сябе ніводнага героя. Чаму так адбываецца? Бо распаўсюджванне гераізму сярод беларускага народа відавочна пераўзыходзіць сярэднесусветныя ўзроўні, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі». 

net_1.jpg

Днямі патрыятычныя сілы шукалі сабе гераічны прыклад для патрыятычнага выхавання. І не змаглі прыдумаць нікога лепшага за супрацоўніка КДБ, які загінуў пры штурме кватэры праграміста і ў імя якога яны заснавалі прэмію. Гэта значыць, іх элітны спецназ у поўнай баявой экіпіроўцы прыйшоў браць у палон чалавека, вінаватага ў несанкцыянаваных лайках. Як, зрэшты, яны гэта заўсёды робяць. І ў выніку атрымаўся гераічны прыклад для патрыятычнага выхавання. Як раней польскі салдат Эміль Чэчка.

І ведаеш, што я падумаў? Ім жа чаму даводзіцца шукаць сабе гэтых чэчкаў? Таму што за тры гады ўся гэтая стабільнасць так і не змагла выціснуць з сябе ніводнага героя. Гэта значыць — наогул ні аднаго.

Вось слоўнік вызначае героя як «чалавека выбітнай адвагі, які самааддана здзяйсняе подзвігі». І дзе, спытаюся я? Дзе ўсе подзвігі. Хоць бы адзін прыклад выбітнай адвагі. Не кажучы ўжо пра самаахвярнасць. Наогул жа нічога, што потым можна было б успомніць і не сорамна расказаць дзецям.

Я нават не магу адразу ўспомніць ніводнага падобнага гістарычнага прыкладу. Дакладней, напэўна, прыклады татальнай адсутнасці гераізму ў гісторыі здараліся. Але вось так адразу мне ў галаву нічога не прыходзіць. Таму што ва ўсіх канфліктах героі абавязкова з’яўляліся з абодвух бакоў. У белых і чырвоных, у раялістаў і рэспубліканцаў, у пампеянцаў і цэзарыянцаў.

Нават у якім-небудзь НКВД, пры ўсёй маёй да іх непавазе, былі не толькі ж каты. Там жа трапляліся і героі. Таму што, якой бы дзіўнай ці там нават гнюснай ні была ідэя, заўсёды знаходзіліся людзі, якія ў яе шчыра верылі і былі гатовы дзеля яе пайсці на ахвяры. Ну ці «самааддана здзяйсняць подзвігі».

Гэта значыць распаўсюджванне гераізму сярод беларускага народа відавочна пераўзыходзіць сярэднесусветныя ўзроўні. Так што справа не ў народзе. 

Справа, мабыць, у ідэі вось гэтай стабільнасці, якую сабе прыдумалі. Якая антыгераічная па самой сваёй сутнасці. 

Ну на самай справе. Ну па-дурному ж «самааддана здзяйсняць подзвігі» дзеля чаркі, скваркі і «каб мяне не чапалі». Каб не чапалі — трэба ціха сядзець з чаркай, а не шукаць сабе подзвігаў.

Але ж без герояў ідэі доўга не жывуць. І ўлада доўга не жыве без тых, хто гатовы дзеля яе «самааддана здзяйсняць подзвігі».

P.S. Тым больш пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.