Хто за год найбольш нашкодзіў беларусам? Галасаванне за «антыпрэмію»

Арганізатары фестываля дакументальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus распачалі анлайн-галасаванне за «антыпрэмію», паведамляе Радыё Свабода.

znos_1.jpg

«Мы хочам абараняць правы чалавека ня толькі з дапамогай паказу фільмаў і абмеркаванняў, але і дзеяннем, адзначаючы медалём „за выбітныя заслугі ў галіне правоў чалавека“ асобныя органы, структуры, ініцыятывы або іх прадстаўнікоў», — расказваюць арганізатары.

Яны сцвярджаюць, што хочуць толькі пазначыць моманты, якія можна палепшыць і на якія варта звярнуць увагу, таму запрашаюць намінантаў на цырымонію ўручэння «антыпрэміі».

Галасаваць можна на сайце Watch Docs.

Намінаваныя:

Спецкамбінат КБА, які ладзіў «добраўпарадкаванне» (частковы знос) Вайсковых могілак у Мінску;

«Мінская спадчына», што правяла сумнеўную рэканструкцыю мінскай вуліцы Камсамольскай (якая летам стала амаль «суднаходнай»);

Беларуская праваслаўная царква, якая знесла будынак на вул. Вызвалення, 6, што меў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, каб збудаваць сабе новы духоўна-асветніцкі цэнтр;

Адміністрацыя Першамайскага раёну Мінска за фразу намесніка старшыні Васіля Косаўца: «Нікога не цікавіць, што вы думаеце! Вас сабралі, каб праінфармаваць аб спосабах выказаць сваю думку»;

«Мінскзеленбуд» за высяканне соцень дрэваў;

Дэпутат Ігар Марзалюк за крытыку законапраекту супраць хатняга гвалту, якая, паводле арганізатараў, супярэчыць Канстытуцыі, Кодэксу аб шлюбе і сям’і і Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека;

Міністэрства працы за тое, што лічыць «дармаедамі» нават тых, хто сплаціў падаходны падатак;

Следчы камітэт за «справу БелТА» і штрафы журналістам;

Мінскі райвыканкам за «горадабудаўнічыя маніпуляцыі» ў Бараўлянах;

Камітэт архітэктуры Мінгарвыканкаму за знос кінатэатру «Авангард».