Хто б мог падумаць!

Нарэшце, даспелі. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 29 кастрычніка перад выкладчыкамі Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С. Асімі, заявіў, што настаў час “расчысціць дарогу для поўнафарматнага ўзаемадзеяння з Захадам.

Канешне, не без агаворак. “Двайныя стандарты, якія прымяняюць еўрапейцы, спробы націску і ўжыванне санкцый не стануць канструктыўным элементам палітыкі, — заявіў ён.



4efb80f630ccecb2d3b9b2087b0f9c89.jpg

Нарэшце, даспелі. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 29 кастрычніка перад выкладчыкамі Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С. Асімі, заявіў, што настаў час “расчысціць дарогу для поўнафарматнага ўзаемадзеяння з Захадам.
Канешне, не без агаворак. “Двайныя стандарты, якія прымяняюць еўрапейцы, спробы націску і ўжыванне санкцый не стануць канструктыўным элементам палітыкі, — заявіў ён.
“Упэўнены, даўно надышоў час адмовіцца ад гэтых штучных бар’ераў, замшэлых стэрэатыпаў і расчысціць шлях для поўнафарматнага ўзаемадзеяння, які адпавядае чаканням нашых народаў, — цытуе беларускага афіцыйнага лідара дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Лукашэнка нагадаў, што Еўрасаюз для Беларусі з’яўляецца найважнейшым гандлёвым партнёрам і буйным інвестарам. Тавараабарот з краінамі Еўрасаюза, паводле яго слоў, на 5% перавышае тавараабарот з Расіяй, галоўным палітычным і эканамічным партнёрам Беларусі. “Але вы ведаеце, як паводзіць сябе Еўрасаюз: нейкая дэмакратызацыя (чытай — хаос і развал). Але ні вам, ні нам такая дэмакратызацыя не патрэбныя. Мы павінны працаваць у сваіх інтарэсах, інтарэсах свайго народа, — сказаў ён.
Кіраўнік краіны завіў, што Беларусь забяспечвае бесперабойны транзіт тавараў і энергарэсурсаў у ЕС, ахову межаў, спыняе нелегальную міграцыю. “Так што цікавасць да дыялогу і выбудоўвання нармальных адносін павінна аб’ектыўна прысутнічаць у абодвух бакоў. Пры гэтым мы не стаім з працягнутай рукой, выпрошваючы супрацоўніцтва, — мы яго прапаноўваем, — заявіў ён.
Гэта датычыцца і адносін з ЗША, адзначыў ён. “Не мы былі ініцыятарамі цяперашніх складанасцяў у нашым дыялогу. Наадварот, Беларусь заўсёды была адказным партнёрам Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, адмываннем грошай і гандлем людзьмі, — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь таксама аказвае спрыянне Вашынгтону ў вырашэнні афганскай праблемы.
Наконт Еўропы — усё зразумела. Сапраўды, Беларусь спыняе нелегальную міграцыю, наркатрафік, гандаль людзьмі. Пра “бесперабойны транзіт тавараў і энергарэсурсаў можна было б прамаўчаць. Усё ж такі бесперабойны транзіт энергарэсурсаў мы не забяспечвалі, і “зачынялі газавы кранік у час нафтагазавых войнаў з Расіяй неаднаразова. І Еўропа не заставалася ўбаку. Дастаткова толькі ўзгадаць, колькі грошай па лініі Еўропы было патрачана на абсталяванне беларускай мяжы.
А вось ЗША — ну гэта вельмі дзіўна. З Еўропай разабраліся — ад Партугаліі да Беларусі прыкладна (лінейкай памераць на мапе можна!) да Уральскіх гор, якія аддзяляюць Еўропу ад Азіі (геаграфічна) — прыкладна аднолькавая адлегласць. Але тое, што Беларусь “таксама аказвае спрыянне Вашынгтону ў вырашэнні афганскай праблемы… Выбачайце. Дзе Вашынгтон, дзе Мінск, і дзе Кабул? Як мы можам аказваць гэтую падтрымку і спрыянне? Тым больш, што Лукашэнка сам неаднаразова заяўляў — нашы вайскоўцы за межамі Беларусі ваяваць не будуць.
Гэта, дарэчы, ён у чарговы раз падкрэсліў 31 кастрычніка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод. “У краіне не дапусцілі разгулу злачыннасці і хаосу. Беларусь застаецца мірнай і згуртаванай краінай, — заявіў Лукашэнка.
То бок, мы мірныя людзі. Але ўдзель­нічаем у вырашэнні ўзброенага канфлікту ў Афганістане?
Дарэчы, шмат якія аглядальнікі заўважылі, што Лукашэнка ўзнагародзіў следчых, якія хутка выкрылі “тэрарыстаў. Лукашэнка ўручыў узнагароды вайскоўцам і супрацоўнікам праваахоўных органаў. “Мы ўзнагароджваем людзей, якія мелі непасрэднае дачыненне да раскрыцця тэракта ў мінскім метро. І тых, хто ахоўвае парадак нашай радзімы кожны дзень, — сказаў ён.
Між тым, прысуд па справе аб тэрактах у мінскім метро 11 красавіка 2011 года яшчэ не вынесены. І так званыя “тэрарысты — Зміцер Канавалаў і Уладзіслаў Кавалеў, вінаватымі дагэтуль не з’яўляюцца. Іх віну можа вызначыць толькі суд. А ўзнагароджваць за “раскрыццё злачынства яшчэ да вынясення прысуду… А раптам суд прызнае іх невінаватымі?
Па меркаванні юрыстаў, такім чынам Лукашэнка наўпрост умешваецца ў хаду следства. “Скажыце, які суддзя, хай нават ён і цэлы намеснік старшыні Вярхоўнага суда, рызыкне не тое каб спрачацца, а проста кі­нуць цень на аўтарытэт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі? Правільна. Ніякі. Такіх суддзяў у РБ не водзіцца, — пракаментаваў рашэнне Лукашэнкі аб узнагародзе журналіст Андрэй Пачобут, які таксама неаднойчы сутыкаўся з беларускай судовай сістэмай. Ён ведае, пра што кажа.
Але ж не ўсё ў нас такое… праблемнае. 1 лістапада ў чацвёртым туры групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю 1:1 з італьянскім “Міланам. Сустрэча прайшла 1 лістапада на мінскім стадыёне “Дынама пры аншлагу.
Збянтэжылі нашы вядомы еўрапейскі клуб. “Мілан шмат забівае, але не гэтым разам, заявіў галоўны трэнер “Мілана Масіміліяна Алегры на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасля матча з БАТЭ.
“Мы павінны былі вырашыць зыход матча ў першым тайме, у нас былі ўсе шансы перамагчы, але, на жаль, гэтага не адбылося. У другім тайме мы атрымалі гол з пенальці, і пасля гэтага наша жыццё ўскладнілася. Калі лік 1:1, перамагчы значна складаней, — сказаў Алегры.
Ён назваў БАТЭ вельмі арганізаванай камандай з вялікай колькасцю таленавітых гульцоў.
А трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка, здаецца, не хавае радасці. У матчы чацвёртага тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА з “Міланам БАТЭ гуляў дзёрзка, агрэсіўна, не думаючы пра тое, яму супрацьстаіць топ-клуб — казаў Ганчарэнка. “Першы гол у вароты топ-клуба... Гэты вынік выпакутаваны, гульцы ўсё пакінулі сёння на полі, — сказаў Ганчарэнка.
23 лістапада БАТЭ прыме “Вікторыю, а “Мілан — “Барселону. Апошнія дзве каманды датэрмінова выйшлі ў 1/8 фіналу ЛЧ, а першыя дзве будуць аспрэчваць трэцяе месца, якое дае права выступіць у 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Перамога над чэхамі дазволіць БАТЭ стаць недасягальным.