Гурневіч: Чаму прысутнасць расійскай спікеркі Тамары Эйдэльман у беларускіх медыя карысная

Днямі на «Св*бодзе» выйшла інтэрв'ю з расійскай папулярызатаркай гісторыі Тамарай Эйдэльман. Варта адзначыць, што яна — паслядоўны крытык палітыкі Пуціна і стала выступае супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. Тым не менш інтэрв'ю выклікала неадназначную рэакцыю ў часткі аўдыторыі. На гэта ў сваю чаргу адрэагаваў журналіст Дзмітрый Гурневіч.  

Тамара Эйдэльман. Фота «Нямецкай хвалі»

Тамара Эйдэльман. Фота «Нямецкай хвалі»

«Некаторых абурае прысутнасць расійскай папулярызатаркі і гісторыка Тамары Эйдэльман у беларускіх СМІ, — пішаДзмітрый Гурневіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — А я лічу гэту прысутнасць вельмі карыснай. Як і іншых падобных асоб з Расіі.

І нават не столькі для беларускай публікі. Хаця і ў нас многія не вераць у відавочныя факты, пакуль не пачуюць гэта не ад беларусаў. Таму і тут можа быць каэфіцыент карыснага дзеяння. Але найбольшая карысць у іншым. Відавочна, што сёння такія людзі, як яна, пачалі звяртаць асаблівую ўвагу на адметнасць народаў постсаўка і іх адрознасць ад Расіі. Час прымусіў рэфлексаваць і адкрыць іншую перспектыву погляду. І чым больш такія людзі будуць чуць нас, чым больш мы будзем камунікаваць і фармуляваць свой пункт погляду, тым больш пісьменна яны будуць пераказваць яго сваёй аўдыторыі. А ў Эйдэльман яна мільённая. Яе глядзяць самыя адукаваныя расійцы, якія таксама фармулююць сэнсы. Яны да сёння пра нас нічога не ведаюць, апрача бульбы і трактароў.

У нас ніколі ніхто сур’ёзна не працаваў з грамадскай думкай нават у Расіі ці Украіне, не кажучы пра Захад. Напісаць кнігу ці зняць ролік — гэта яшчэ не праца з мэтавай групай. Людзей трэба зацікавіць. І Эйдэльман можа агучваць шырокай аўдыторыі патрэбныя нам рэчы, каб яны замацоўваліся ў галовах суседзяў. Прынамсі, з’яўляецца шанец. Ёсць, вядома ж, і альтэрнатыва — марыць пра развал Расіі і нічога не рабіць. Але нават калі яна разваліцца (хвілінка летуценняў), то людзі там застануцца тыя ж. У нас ніколі не было сур’ёзнай мяккай сілы ў распаўсюджанні сваёй гісторыі, дык чаму б не карыстацца кожнай магчымасцю?

У сярэдзіне красавіка я правёў тыдзень у стракатай міжнароднай кампаніі: немцы, англічане, ірландцы, іспанцы, амерыканцы. Беларусь для іх — tabula rasa. Я мог з імі размаўляць пра іх гісторыю, а пра гісторыю маёй краіны яны проста нічога не ведалі. А калі прасілі параду наконт літаратуры, то я не змог нават прыгадаць, а ці ёсць у нас салідны падручнік па гісторыі Беларусі на англійскай ці іншых папулярных мовах. Ці хаця б сайт з сотняй самых простых пытанняў і адказаў пра Беларусь. Гэта неверагодна, але праўда. «Ого, я нават не думаў, што беларуская мова асобная. Чамусьці лічыў, што гэта дыялект рускай», — сказаў мне немец. «Беларусы маюць дачыненне да ВКЛ, сапраўды?», — удакладняе ірландзец. «Раскажы, а што гэта за сцяг такі, бел-чырвона-белы», — просіць іншы ірландзец. І ўсе гэтыя пытанні я абсалютна шчыра і без іроніі чуў ад расійцаў.

Мы белая пляма, і ў многім — па ўласнай віне. Крыўдзімся, калі людзі блытаюць нас з расійцамі або блытаюць Беларусь з Белізам. У нас ніколі не было think tank'у ці нейкай інстытуцыі, якая б папулярызавала нашу гісторыю і культуру ў свеце, на розных мовах. Такія функцыі выконвалі і выконваюць многія з нас ці нейкія дробныя арганізацыі, у якіх іншыя мэты. Але час сёння такі, які прымушае працаваць па-іншаму. А калі трапляецца нешта чужое, як Эйдэльман, якое можа нам спрыяць, трэба рабіць з такіх людзей сваіх саюзнікаў, а не хэйціць за відавочна ненаўмысныя агаворкі. Любы каэфіцыент карыснага дзеяння лепшы, чым нуль».