Ідзе збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола

На сайце change.org ідзе збор подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола. Маюцца на ўвазе старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў, яго першы намеснік Юрый Вяргейчык, дырэктар дэпартамента судзейства і інспектавання Андрэй Чэпа (у інтэрнэце абмяркоўваецца яго нядаўняе выказванне пра «калгаснікаў»), паведамляе Еўрарадыё.

dom_futbola.jpg

Балельшчыкі патрабуюць, каб новае кіраўніцтва федэрацыі выбіралася з кандыдатаў, якія маюць «станоўчы вопыт кіравання» і «прамыя адносіны да футбола». Як вядома, Базанаў — палкоўнік у адстаўцы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Сёлета яго абралі на пасаду старшыні АБФФ на безальтэрнатыўнай аснове.
Ініцыятары збору подпісаў патрабуюць, каб новае кіраўніцтва федэрацыі распрацавала праграму рэформаў у айчынным футболе.
Можна меркаваць, што прычынай стварэння петыцыі стаў скандал з судзействам матча чэмпіянату краіны паміж брэсцкім «Дынама» і салігорскім «Шахцёрам». У петыцыі прапануецца прыцягваць на важныя матчы вышэйшай лігі замежных суддзяў, павысіць якасць судзейства, а на пасаду кіраўніка судзейскага камітэта прызначыць незаангажаванага спецыяліста.
У згаданым матчы брэсцкага «Дынама» і «Шахцёра» было некалькі спрэчных момантаў судзейства. Галоўны — пры ліку 1:1 Віктар Шымусік не прызначыў відавочны пенальці за гульню рукой у браму гасцей. Дзеянні арбітраў абурылі дынамаўцаў, яны «нагаварылі» на штрафныя санкцыі з боку АБФФ, Сяргея Кісляка дыскваліфікавалі на 5 матчаў. Шымусік свайго пакарання яшчэ чакае. Аднак яго ўжо адправілі абслугоўваць матч 2-й лігі.