Ідзе збор подпісаў за беларускую мову ў аэрапорце «Мінск-2»

У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў пад зваротам да ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызму» і Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацыі з просьбай дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск-2».

8228027ffdd3522f82bc8c416d2da833.jpg


Аўтары петыцыі адзначаюць, што «больш за 50% пасажырапатоку выпадае на рэйсы ў краіны СНД, мы лічым, што наш нацыянальны аэрапорт з’яўляецца не толькі варотамі, але і тварам нашай краіны, таму павінен ставіцца з павагай да беларускай мовы, якая з’яўляецца нашым нацыянальным багаццем і адной з найвышэйшых каштоўнасцяў нашага народа».
Не выступаючы супраць рускай мовы, як рэгіянальнай, ці ангельскай, як міжнароднай, яны звяртаюць увагу на тое, што «калі прылятаеш міжнародным рэйсам і заходзіш у нацыянальны аэрапорт, то складваецца ўражанне, што прыехаў у нейкі расійскі Лас-Вегас. На ўваходзе нас сустракае "Welcome" ды «Добро пожаловать», але нават «Сардэчна запрашаем у Беларусь» няма. Ідзем далей і бачым шыльды на рускай, часам англійскай мове і ніводнага слова на роднай мове. Крочым далей забіраць багаж, а там нас сустракае рэклама казіно з блэкджэкам ды дзяўчатамі.
Дзе рэклама краявідаў Беларусі? Дзе рэклама славутасцяў, культурных каштоўнасцяў і нацыянальных асаблівасцяў? Дзе Родная беларуская мова?»
Каб выправіць гэтае становішча аўтары звароту просяць дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў нацыянальнага аэрапорта «Мінск-2», дадаць беларускую мову на табло з інфармацыяй аб рэйсах, а таксама выправіць дату ўтварэння сучаснай незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь у рэкламным роліку пра нашу краіну — 1990 год, а не 1994 як зараз у роліку.
У выпадку адсутнасці сродкаў на тое, каб дадаць беларускую мову ў сістэму інфармавання пасажыраў і выпраўлення памылак, ініцыятары петыцыі просяць  разгледзець магчымасць фінансавання гэтага праекту за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, краўдфандынгу і г.д. і выказваюць гатоўнасць самастойна сабраць на гэта сродкі.
Пакінуць свой подпіс пад гэтым зваротам вы можаце тут