Ігар Ільяш: Ягор Марціновіч быў душой нашай камеры

Журналіст «Белсата» Ігар Ільяш выйшаў на волю 26 ліпеня пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ён застаецца фігурантам крымінальнай справы па артыкуле 342 КК. У зняволенні Ігар сядзеў у адной камеры разам з галоўрэдам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.

Ігар Ільяш пасля вызвалення. Фота «Радыё Свабода»

Ігар Ільяш пасля вызвалення. Фота «Радыё Свабода»


«Мяне затрымалі раніцай 16 ліпеня: пачалі грукаць у дзверы, я адчыніў, заляцелі шэсць чалавек. Гэта быў ГУБАЗ, паказалі пастанову на ператрус. Вынікі яго, думаю, многія бачылі на праўладных каналах: сілавікоў вельмі зацікавіла мая бібіліятэка, асабліва кнігі пра гісторыю Трэцяга Рэйха. Хаця гэта абсалютна навуковая літаратура, дзе выкрываюцца злачынствы Гітлера і нацыстаў, — расказвае Ільяш. — Мяне не білі, не было кайданкоў, паводзілі сябе ветліва. Неадэкватны супрацоўнік быў толькі адзін, які ўжо пасля мацюкаўся ў мой бок, абяцаў, што будзе біць.
Магчыма, гвалту не было, бо сілавікі фактычна адразу атрымалі доступ да майго тэлеграм-канала. Я разумеў, што калі яны прыйдуць, то адной з галоўных мэт будзе завалодаць маім каналам. Таму я нават не вылагініваўся, доступ да канала быў адкрыты на маім ноўтбуку. Губляць сілы на барацьбу за канал не было ніякага сэнсу.
Страта канала — не вялікая праблема для мяне. Падпісчыкаў было няшмат, бо галоўным былі рэпосты і перадрукі, кожны пост разыходзіўся шырока, па 8-10 тысяч прачытанняў. І цяпер вярнуць гэты ахоп для мяне не стане праблемай, думаю, новы канал за пару тыдняў набярэ больш падпісчыкаў, чым было ў мінулым. Пасля ператрусу забралі тэхніку, мяне павезлі ў Следчы камітэт, дзе мне паведамілі, што я затрыманы. І затым — на Акрэсціна».
У ізалятары часовага ўтрымання Ігар пяць дзён правёў у адной камеры разам з галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.
«Ягор быў у добрым маральным стане. Бадзёры, вясёлы, быў сапраўднай душой камеры. Трымаўся цвёрда і ўпэўнена ў сабе. Ягор расказваў, што яго білі ў дзень затрымання, калі перавозілі кудысьці ў мікрааўтобусе. Адзелі нейкі шлем у машыне, каб не было слядоў, і білі праз гэты шлем. Чаму — ён не гаварыў. Але ў камеры Ягор адчуваў сябе нармальна, не скардзіўся на здароўе.
Ён гуляў ва ўсе магчымыя гульні: там былі нарды, шахматы, шашкі. У камеры дошак для гульняў няма, але поле малюецца на лаве ці на дошках нараў, фігуркі з хлеба. Была яшчэ спецыфічная турэмная гульня з не вельмі прыстойнай назвай "Мандавошка": поле малююць на лаве, з хлеба кубікі і фігуркі. Правілы дакладна не ўзгадаю, але тэрміны ў гульні з турэмнай тэматыкі: "бур", "кіча" і гэтак далей. Я сам не гуляў, а Ягор вельмі зацікавіўся, — усміхаецца Ільяш. — Ягор вельмі моцна падтрымліваў людзей. У нас было шмат "палітычных", хтосьці трапляўся амаль што выпадкова — за фотаздымак з мітынга, за тое, што кінуў камень проста сабе пад ногі і гэта трапіла на нейкі запіс. І цяпер людзі праходзяць па 342 ці нават 293 артыкулах, для іх гэта шок. Сядзелі з намі і фігуранты так званых "тэрарыстычных спраў", напрыклад, "справы АГСБ". Ім было цяжка, але Ягор іх заўсёды падбадзёрваў.
Некаторым казаў: "Не хвалюйся, ты хутка выйдзеш". І так і аказвалася — па "тэрарыстычных справах" людзі часта выходзілі пасля 10 дзён. Альбо Ягор супакойваў сукамернікаў: маўляў, усё гэта можна перажыць. Акрамя таго, Ягор распавядаў шмат гісторый. Пад вечар "маладыя палітвязні" нават самі яго прасілі распавесці нейкую цікавую гісторыю, і ён узгадваў штосьці з журналісцкай дзейнасці ці нейкія цікавосткі з палітыкі, гісторыі з беларускіх рэалій.
За тыя пяць дзён, што мы былі разам, ён быў бадзёры. Быў упэўнены, што яго затрыманне, затрыманне Дынько і Скурко не адаб’ецца на працы "Нашай Нівы" і выданне працягне дзейнасць. Пра вызваленне Андрэя Дынько ён не ведаў. Але ў акно камеры ён убачыў сваю маці — яна стаяла пад Акрэсціна. Ягор зразумеў, што кагосьці з "нашаніўцаў" будуць адпускаць ці ўжо адпусцілі. Але, на жаль, маці ў той дзень не дачакалася Ягора.
Момант, калі Марціновіча этапавалі на "Валадарку", быў даволі непрыемны і драматычны. У яго заканчваўся тэрмін утрымання ў 13.30. Час прыйшоў — і нічога не адбылося, не адпускаюць і не кажуць пра арышт. Ягор пачаў грукаць у дзверы, пытацца пра свой статус. Яму адказвалі: "Чакайце-чакайце". Так працягвалася да вечара, і ўвечары яму без аніякіх папер проста сказалі: "Вы арыштаваныя, паедзеце на Валадарку"».
Адзначым, што ў пракуратуру Мінска пададзена скарга па факце парушэння Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паколькі мера ўтрымання Марціновічу і Скурко была абраная пазней за 72 гадзіны, як тое прадпісвае закон.
Ігар таксама адзначае: для «палітычных» адмыслова ствараюць цяжкія ўмовы на Акрэсціна.
«У тых камерах, дзе я быў, перанаселенасці не было. Але для "палітычных" мэтанакіравана ствараюцца невыносныя ўмовы: людзі спяць на голых дошках, матрасы і бялізну не выдаюць, замест падушкі — пластыкавая бутэлька з вадою. Святло гарыць 24 гадзіны, шпацыр ці душ — няма нічога. Да таго ж, бываюць начныя пераклічкі, часам па два разы за ноч — проста каб не даць людзям нармальна спаць. Таксама "палітычным" не аддаюць перадачы».
Сёння Ільяш на волі, але ён усё яшчэ падазраваны па артыкуле 342 КК — «Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак». Яму забаронены выезд з Беларусі, але і сам Ігар кажа, што нікуды не паедзе без жонкі Кацярыны Андрэевай, якая адбывае 2-гадовы тэрмін у калоніі за стрым з «Плошчы Перамен».
«Да таго, што па мяне прыйдуць, я быў гатовы, я разумеў гэта з таго дня, калі арыштавалі Кацярыну. У чым канкрэтна мяне падазраюць, я не ведаю. Але мая пазіцыя з лістапада 2020 года не змянілася: я з’еду з Беларусі толькі разам з Кацяй. Пакуль яна не выйдзе на волю, я нікуды з Беларусі не з’еду», — кажа Ігар.
«Наша Ніва»