Ігар Шуневіч: Хацелася б, каб сітуацыя вакол Курапат хутчэй вырашылася цывілізавана

МУС жадае, каб сітуацыя вакол Курапат "хутчэй вырашылася цывілізавана", заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

1443450885_ff4d3fb0ec9e90e7ed2849d4448e8c2f.jpeg

Паводле яго слоў, любое пытанне вырашаецца на падставе дыялогу, кансэнсусу, "без прыкоўвання сябе за розныя часткі цела да металічных прадметаў".

Шуневіч хацеў бы, каб "градус вастрыні" вакол таго, што адбываецца, быў меншы. "На мой погляд, гэта падстава, каб у чарговы раз пэўным асобам заявіць пра сябе з абсалютна неналежнай нагоды, — сказаў міністр. — Ёсць спецыялісты, якія могуць кампетэнтна адказаць на пытанне, ці парушаюцца чыесьці правы, у тым ліку нейкія гістарычныя аспекты, звязаныя з пахаваннямі". Гэтых спецыялістаў кіраўнік МУС заклікаў хутчэй прадставіць свае высновы.

Шуневіч падкрэсліў, што МУС абсалютна негатыўна ставіцца да незаконных акцый. "Я ведаю, што існуе праблема, звязаная, з аднаго боку, з тым, што адбываецца будаўніцтва — легальнае і абсалютна законнае. З іншага боку, існуе меркаванне пэўнай групы асоб аб тым, што гэтага будаўніцтва там быць не павінна", — зазначыў ён.

МУС, паводле слоў міністра, менш за ўсё хацела б выступаць трацейскім суддзёй у гэтым працэсе. "І мы не будзем гэтага рабіць", — падкрэсліў ён. "Калі будзе прынятае рашэнне аб спыненні будаўніцтва, і яно набудзе законную моц, значыць, пытанне вырашыцца такім чынам. Калі будзе працягвацца — значыць, мы будзем выконваць закон. Алгарытм нашых дзеянняў вядомы", — заявіў Шуневіч.

 БелаПАН