Ігар Шуневіч хоча забраць зброю ў «неактыўных паляўнічых»
Улады захацелі забраць зброю ў тых, хто мае дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, але "паляўнічымі па вызначэнні не з'яўляюцца"
Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігар Шуневіч прапануе забраць паляўнічую зброю ў людзей, якія не ўваходзяць у падкантрольныя дзяржаве таварыствы паляўнічых. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю на тэлеканале "Беларусь 1".
Па яго словах, такіх людзей нельга назваць паляўнічымі і невядома, дзеля чаго яны захоўваюць зброю.
"Праблема, на мой погляд, сёння стаіць у тым, што значная частка зброі, паляўнічай зброі, якая знаходзіцца на руках у грамадзян нашых і не выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні, гэта значыць не з'яўляецца прыладай у руках паляўнічага, знаходзіцца ў сейфах, захоўваецца з рознымі мэтамі акрамя як мэтаў палявання, для чаго яно і набывалася. Усе яны маюць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, але паляўнічымі па вызначэнні не з'яўляюцца. І дзе і кім будзе выкарыстаная гэтая зброя, акрамя як на законных падставах, а законнай падставай з'яўляецца толькі паляванне і захоўванне з мэтай палявання, я баюся, што розныя бываюць варыянты і розныя выпадкі, у тым ліку трагічныя, якія мы з вамі ведаем", — цытуе reform.news заяву Шуневіча.
(Напрыклад, у верасні 2021-га айцішнік Андрэй Зельцэр страляў у сілавікоў, якія ўварваліся ў яго кватэру. Пры перастрэлцы быў забіты супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Самога Зельцэра таксама застрэлілі.)
Экс-міністр прапанаваў даваць дазвол на набыццё зброі толькі тым, хто ўдзельнічае ў першасных арганізацыях паляўнічых — напрыклад, БТПР альбо "Дынама". У тых, хто выходзіць з падкантрольных арганізацый, зброю трэба забіраць, упэўнены экс-міністр унутраных спраў.
Паводле Еўр*радыё
Па падліках Шуневіча, у Беларусі больш за 90 тысяч чалавек маюць права на паляванне. А актыўнымі паляўнічымі ён назваў каля 43% — гэта значыць, каля 38 тысяч чалавек. Пры гэтым на руках у беларусаў знаходзіцца больш за 114 тысяч адзінак зброі.