Ігар Шуневіч пракаментаваў скандал у крычаўскай міліцыі

Скандальную сітуацыю ў Крычаўскім раённым упраўленні ўнутраных спраў для агенцтва БЕЛТА пракаментаваў кіраўнік міністэрства Ігар Шуневіч.

Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА


Па словах Шуневіча, міністэрства правяло службовую праверку. "У выніку намі выяўлена парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніка райаддзела, так і з боку скаржніка, які з'яўляецца фігурантам гэтай праверкі. У выніку абодва прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці", — заявіў Шуневіч.
Акрамя таго, яшчэ адна службовая праверка прызначаная з нагоды таго, што ў СМІ была распаўсюджаная інфармацыя з парушэннямі патрабаванняў ўнутраных нарматыўна-прававых актаў МУС. Паколькі падпалкоўнік Ігар Вусік, які выступіў з выкрывальнымі матэрыяламі ў СМІ, мае дзеючае дысцыплінарнае спагнанне, яго могуць звольніць за дыскрэдытацыю міліцыі. Гэта адбудзецца, калі праверка дакажа яго віну.
Міністр дадаў, што сітуацыя ў Крычаўскім РАУС узятая пад кантроль і "лакалізаваная". Матэрыялы першай праверкі накіраваныя ў Следчы камітэт для прававой ацэнкі. Агульны маральна-псіхалагічны клімат у крычаўскай міліцыі Шуневіч ацаніў як даволі спакойны, ураўнаважаны і працоўны.
Як паведамлялася раней, некалькі міліцыянтаў Крычаўскага РАУС на чале з падпалкоўнікам Ігарам Вусікам напісалі зварот да міністра і выступілі ў незалежных СМІ. Яны заявілі, што іх прымушаюць выконваць "план па парушэннях" і вяртаць прэміі. 
euroradio.fm