Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы

Ні пра следчыя дзеянні з яго ўдзелам, ні пра пачатак суду па-ранейшаму ніякіх звестак няма, піша «Радыё Свабода».

losik_facebook_vechorko.jpg

Палітвязню і кансультанту «Радыё Свабода» Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы. Пра гэта стала вядома сёння, 22 сакавіка. Ігар за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года.
«Вось стала вядома толькі, што працягнуты тэрмін утрымання пад вартай, — сказала «Свабодзе» жонка Ігара Дар’я Лосік. — Ці звязана гэта з новымі абвінавачаннямі, я не магу сказаць, на жаль. Але за кратамі Ігар будзе яшчэ мінімум два месяцы — так нам паведамілі».
Такім чынам, тэрмін утрымання Ігара Лосіка пад вартай працягнуты да 22 траўня. За кратамі блогер і кансультант «Радыё Свабода» знаходзіцца 270 дзён.
Паводле слоў жонкі Дар’і, да Ігара пачалі прапускаць лісты, ён атрымаў пошту за пачатак сакавіка.
11 сакавіка Ігару Лосіку прад’явілі новае, ужо трэцяе абвінавачанне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы ў Жодзіне. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачанні, невядома. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтэр знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.