Ініцыяваны збор подпісаў за ўшанаванне ў Наваградку імя Барыса Кіта

Актывісты заклікаюць пераназваць вуліцу Савецкую ў Наваградку на вуліцу ў гонар ганаровага грамадзяніна горада Барыса Кіта, які памёр 1 лютага на 108-ым годзе жыцця, паведамляе Радыё Свабода.

ff3b0c38b38a71663ca796932f5c6c65.jpg


Падпісанты петыцыі з патрабаваннем пераназваць вуліцу Савецкую у гонар ганаровага грамадзяніна Наваградка Барыса Кіта лічаць, што яго імем павінна быць названая менавіта адна з цэнтральных вуліц горада.
На іх перакананне, было б найвялікшай гістарычнай справядлівасцю, каб «у самым сэрцы горада знаходзіліся б дзве вуліцы, названыя ў гонар славутых сыноў Наваградчыны — Адама Міцкевіча і Барыса Кіта».
У петыцыі таксама цытуюцца словы Барыса Кіта, які сказаў у свой час, «што атрымаць званне ганаровага грамадзяніна Наваградка было для яго найважнейшай пашанай».
Барыс Кіт памёр у Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. Ён быў найстарэйшым беларусам свету, вядомым беларускім дзеячом замежжа, выбітным навукоўцам-астрафізыкам.
Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе ў другой палове 1980-х ён выкупіў участак. Дата пахавання пакуль невядомая.