«Я гатовы змагацца да канца». Мікалай Аўтуховіч апублікаваў зварот да сілавікоў

Былы палітвязень, грамадскі актывіст і праваабаронца Мікалай Аўтуховіч апублікаваў на сваёй старонцы ў «Facebook» адкрыты зварот да беларускіх сілавікоў з заклікам не выконваць злачынныя загады і не абараняць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе belsat.eu.

zrzut_ekranu_2019_03_14_o_10.01.51.png

«За гады, праведзеныя ў няволі, я распрацаваў план па аднаўленню законнасці і справядлівасці ў краіне. За наступны час стварыў магчымасці для яго рэалізацыі. Арганізаваныя маёй камандай падзеі бліжэйшага часу будуць мець вырашальнае значэнне для Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў звароце.
Якія падзеі маюцца на ўвазе і ў чым сутнасць плана па «аднаўленню законнасці» Аўтуховіч не тлумачыць. Аднак нагадвае, што мае досвед удзел у баявых дзеяннях і «гатовы змагацца да канца за аднаўленне законнасці і справядлівасці, за нашу свабоду і за вызваленне маёй краіны ад незаконнага і злачыннага рэжыму».
«Сілавікоў, якія будуць кінутыя на маё затрыманне, папярэджваю, што гатовы абараняць сябе любымі даступнымі мне спосабамі. Заклікаю вас памятаць пра свой афіцэрскі гонар і абавязкі, успомніць пра тое, каму вы служыце. Вы павінны служыць толькі беларускаму народу і нікому больш!» – падкрэслівае Аўтуховіч.
5 траўня Аўтуховіч апублікаваў адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем сысці ў адстаўку цягам 30 дзён. «У выпадку, калі рэжым стане дзейнічаць ранейшымі гвалтоўнымі метадамі, пакідаю за сабой права раней 30-дзённага тэрміну запусціць механізм аднаўлення справядлівасці», – адзначаецца ў звароце.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч ужо амаль год фактычна жыве ў падполлі: змяніў месца жыхарства, не з’яўляецца ў публічнай прасторы, не карыстаецца мабільнай сувяззю. Ён сцвярджае, што ўсё гэта неабходныя захады бяспекі, бо спецслужбы хочуць сфабрыкаваць супраць яго новую крымінальную справу.

У мінулым Мікалай Аўтуховіч – паспяховы бізнесовец у Ваўкавыску, актывіст прадпрымальніцкага руху, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2004 года. Улетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны, яго прызналі палітвязнем.
Неўзабаве пасля вызвалення Мікалая Аўтуховіча зноў арыштавалі – яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Яго ізноў прызналі палітвязнем.
Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную і праваабарончую дзейнасць. У снежні 2016 года былы палітвязень стварыў праваабарончую арганізацыю «ТаймАкт».