«Я не разумею, як можна спакойна вучыцца зараз»

Вера і Софія — актывісткі Вольнага прафсаюза БДУ. Абедзве дзяўчыны былі вымушаны адлічыцца з трэцяга курса ўніверсітэта праз актыўную грамадзянскую пазіцыю.

mycollages__10__1_logo.jpg


Стачкам на філфаку

Веры 19 гадоў, яна паходзіць з Брэста. З новага года дзяўчына ўжо не з«яўляецца студэнткай філалагічнага факультэта БДУ.

 — Калі пачалася перадвыбарчая гонка, я стала цікавіцца працэсамі, якія адбываліся ў Беларусі, бо зразумела, што дарослая, магу ісці галасаваць, — узгадвае Вера.

9 жніўня Вера сказала сабе «Выходзь!». Пасля яна ўдзельнічала ў маршах, дапамагала вулічным медыкам, стаяла ў ланцугах салідарнасці, а пасля заснавала стачкам філфака БДУ.

— Я пачытала пра тое, што забастоўка — гэта файны спосаб сказаць рэжыму, што мы хочам перамен, што ў нас ёсць голас, — распавядае Вера. — Я даведалася пра стачкам БДУ і вырашыла, што хачу заснаваць стачкам на сваім факультэце. У мяне было дастаткова сілаў і запалу на гэта.


Вера, фота Яны Трусіла

Вера, фота Яны Трусіла

І дзяўчына гэта зрабіла. Яна збірала людзей ў сацыяльных сетках, расклейвала ўлёткі па інтэрнаце. Зараз колькасць удзельнікаў руху на філфаку складае каля 300 чалавек.

На факультэцкай акцыі 1 верасня Веру затрымалі: «Нас скралі з факультэта на вачах ў дэкана і намесніка дэкана па выхаваўчай працы. Мы прабылі на Акрэсціна роўна суткі, прысудзілі штраф».

— Калі мяне затрымалі, засталіся людзі, дзякуючы якім дзейнасць стачкаму на факультэце не спынілася, — распавядае Вера. — Яны арганізавалі маштабны выхад з БРСМ, прыцягвалі ўвагу да нашага затрымання на факультэце.

Пасля гэтага дзяўчына даведалася, што існуе вольны прафсаюз БДУ. Вера далучылася да яго і хутка ўвайшла ў яго Раду.


Вольны прафсаюз

Вера распавядае, што спачатку Вольны прафсаюз БДУ быў створаны для студэнтаў, якія хацелі падтрымаць пратэсны рух, але баяліся публічнага ўдзелу ў ім. Зараз арганізацыю можна падзяліць на тры блокі: інфармацыйны, блок дапамогі затрыманым «Міратворца» і юрыдычны блок.

Вера кіруе інфармацыйным блокам: «Мы распавядаем, што рабіць, калі цябе затрымалі ці калі ты знаходзіўся ў судзе. Пішам памяткі аб тым, як аднавіць сваё здароўя, калі адчуў выгаранне, як знаходзіць сілы для таго, каб падтрымліваць пратэст. Я пішу пра культуру, пра гісторыю пратэстаў, пра кнігі і кіно, дзе ёсць тэма пратэстаў, пра гістарычныя асобы. Мы бяром інтэрв’ю ў студэнтаў, якія гатовы дзяліцца сваімі гісторыямі». Усе гэта можна пачытаць у тэлеграм-канале «Вольны прафсаюз БДУ».

За «Міратворцу» адказвае Софія, былая студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Пачынала яна са зборшчыка заяў у прафсаюз: «Я не хацела заставацца раўнадушнай да таго, што адбываецца ў маёй краіне, таму знаходзіла спосабы, каб займацца актывізмам». «Міратворцы» манітораць інфармацыю пра затрыманых на акцыях людзей, правяраюць, ці з’яўляецца нехта з іх навучэнцамі БДУ. Калі так, то студэнты звязваюцца з бацькамі затрыманых, пытаюць, ці трэба ім дапамога, пішуць зняволеным лісты, збіраюць грошы на штрафы, сустракаюць з ізалятараў.

— Мы супрацоўнічаем з прафсаюзам выкладчыкаў нашага ўніверсітэта, — распавядае Софія. — Адзін з іх напісаў код, які дапамагаў звяраць базу БДУ са спісамі затрыманых.


Софія, фота Яны Трусіла

Софія, фота Яны Трусіла

Блок аказвае яшчэ дапамогу і тым студэнтам, якіх пазбаўляюць стыпендыі або якім прысуджваюць штрафы.
«Адной дзяўчыне далі штраф памерам у 30 базавых велічынь. Я знайшла выпускнікоў, якія сабралі ёй суму грошы», — кажа Софія.

У юрыдычным блоку студэнтам дапамогуць скласці позву, калі тых пазбавілі стыпендыі, ці выплацяць матэрыяльную кампенсацыю. «Калі вы бачыце правапарушэнні, заўсёды можна звярнуцца да нас, — распавядае Вера. — Нават калі па вашым інтэрнаце бегаюць прусакі. Нашы юрысты дапамогуць скласці адпаведную паперу. Скаргі трэба пісаць, бо яны іх нервуюць. У новай Беларусі мы будзем рабіць тое ж, бо надзвычай важныя тыя людзі, якія кажуць аб правах студэнтаў».


Сыход з універсітэта і далейшы лёс

— Калі я вярнулася да дзейнасці Вольнага прафсаюза, стала членам Рады, мяне часта сталі выклікаць на гутаркі на факультэце, я мела дысцыплінарнае спагнанне, — распавядае Вера. — Два з паловай курса ў мяне была ідэальная паспяховасць, а тут мне сказалі, што я магу не здаць сесію, хоць мой сярэдні бал — 9,6.

Пасля быў чорны чацвер, калі масава затрымалі студэнтаў. «Я гатова была ехаць ва Украіну гэтым жа днём, — кажа Вера. — Але вырашыла, што проста буду начаваць не ў інтэрнаце, а ў іншым месцы. Так у мяне пачалася паранойя: пастаянна глядзела, ці не было побач са мной падазроных людзей ці машын. Я не магла нічым займацца, не было апетыту».

У хуткім часе Веры патэлефанавала камендант інтэрната і сказала, што па яе прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
Тыя па тэлефоне прапанавалі дзяўчыне падысці ў РУУС. Гэта стала своеасаблівай апошняй кропкай для Веры: «Я зразумела, што больш не хачу вар’яцець, не хачу вучыцца там, дзе здаюць сваіх студэнтаў. А мая светлая галава яшчэ спатрэбіцца».

Дзяўчына падалася на праграму Каліноўскага, хутка яе прынялі ў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Пакуль яна ходзіць на падрыхтоўчыя моўныя курсы. Бацькам Вера ўсё распавяла толькі тады, калі ўжо была ў Кракаве.

— Мае бацькі — жудасныя «ябацькі», — дзеліцца дзяўчына. — Калі мяне закінулі на Акрэсціна, яны сказалі: «Нічога страшнага, хай пасядзіць. Гэта будзе для яе ўрокам».

Софія вырашыла забраць дакументы з універсітэта, бо ў яе пачаліся там праблемы: «Да таго ж, я не разумею, як можна спакойна вучыцца зараз. Ні аб чым думаць немагчыма. Так хочацца, каб ў верасня сітуацыя палепшылася і я б магла аднавіцца».

Хоць Софія ўжо не з’яўляецца студэнткай БДУ, але дзейнасць у яго прафсаюзе пакідаць не збіраецца: «Я сабе не дарую, калі я спыню гэтую дзейнасць. Страшна, калі пішуць, што да некага грукаюцца. Страшна, калі чалавека забралі, а табе трэба заставацца псіхалагічна трывалым, каб дапамагчы іншаму. Але як бы ні было страшна, гэтым трэба займацца».

— Ці плануеце вяртацца ў Беларусь? — пытаю Веру.

— Я вельмі гэтага хачу. У Еўропе файна пажыць, файна павучыцца, я вельмі люблю навуку, хачу займацца ёй і надалей. Але больш файна для мяне — гэта вярнуцца ў Беларусь. Я люблю сваю краіну. Я не раз прадстаўляла яе імя за межамі. Краіна не зрабіла мне нічога кепскага. Кепскае мне зрабіў рэжым.
P.S. 23 студзеня Софію затрымалі. Момант затрымання трапіў на відэа чытачоў TYT.BY. У панядзелак, 25 студзеня, суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў Софіі 30 базавых штрафу па арт. 23.34.