«Я ў шоку»: колькі беларусы патрацілі за перыяд зімовых святаў

Чытачы Tochka.by падзяліліся, колькі грошай яны выдаткавалі на зімовыя святы. Некаторыя патрацілі больш за Br500 толькі на святкаванне Новага года. 

_belarus_minsk_horad_veczar_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Па-сямейнаму і з сябрамі

Дар'я адзначала Новы год у коле сям'і, ездзіла ў госці да бацькоў. Таму асноўныя выдаткі па закупцы прадуктаў для святочнага стала ляглі на плечы мамы і таты. Аднак падлічыць расходы дзяўчыне ўсё ж удалося, і вынік яе моцна здзівіў.

"Невялікія падарункі плюс стол на траіх дарослых і адно дзіця пацягнулі на Br600. Калі шчыра, я ў шоку", — напісала Дар'я.

Здзіўлены вынікамі падлікаў і Ілля. Ён адзначаў свята ўдваіх з дзяўчынай. І за сціплае застолле з гарачым, аліўе, бутэрбродамі з ікрой і алкаголем аддаў Br150.

"Да гэтага на працы праводзілі тайнага Санту – Br30, плюс вячоркі з калегамі – таксама Br30", – пералічвае малады чалавек.

Падарункі бацькам — сімвалічныя. Абышліся ў Br100. З дзяўчынай дамовіліся крыху адпачыць — замест прэзентаў схадзілі ў SPA. Для гэтага абнавілі купальныя рэчы. У суме выйшла на Br250. Разам: Br560.

"А раней здавалася, што выдаткаваў менш. Не задумваўся пра гэта", — адзначыў хлопец.

Дзяніс сустракаў 2024-ты з сябрамі ў Маскве. Здымаць кватэру не прыйшлося — жыў у таварышаў. За паездкі на таксі сябры з мужчыны грошай таксама не бралі. Плюс частавалі рознымі смачнасцямі. Але Дзяніс, як мае быць, у госці з пустымі рукамі не паехаў. На традыцыйныя сувеніры з Беларусі ў выглядзе цукерак і каўбасы выдаткаваў прыкладна Br250.

Дарога ў абодва бакі абышлася ў Br300. На ежу, віно і далікатэсы сышло таксама каля Br300.

Сумарна выйшла прыблізна Br850.

У дзвюх краінах

Сяргей (імя змененае на просьбу героя) распавёў, што адзначыў Новы год у двух гарадах дзвюх розных краін: у Гародні і Беластоку.

У беларускім абласным цэнтры ён звадзіў дзіця ў драмтэатр на навагодні паказ. Відовішча абышлося ў Br24. А вось купля сувеніраў на гарадскім кірмашы і вячэра ў рэстаране на "пешаходцы" – у Br100.

У якасці падарунка схадзілі з жонкай на масаж, які на дваіх пацягнуў на Br200.

fota_jany_trusila_novy_czas7.jpg

У апошні дзень 2023-га пара зладзіла вячэру ў рэстаране Беластока. Да асноўных страў замовілі і віно мясцовай вытворчасці. Разам у чэку атрымалася zł230 (Br185).

"Традыцыйна Новы год мы не адзначаем: не робім велізарны стол дома, не рыхтуем вялікую колькасць салат і іншай ежы", – распавёў Сяргей.

У выніку зімовыя святы абышліся сям'і крыху больш чым у Br500.

Чатырохзначныя выдаткі

Вольга ў прынцыпе вядзе ўлік выдаткаў і даходаў. Але некаторыя катэгорыі вельмі абстрактныя, кажа дзяўчына.

"Напрыклад, у графу «прадукты» трапляюць не толькі выдаткі для навагодняга стала, а выдаткі за ўвесь снежань. Таму ўсе падлікі прыкладныя", — тлумачыць Вольга.

Першае, што яна ўлічвае, — падарункі. Іх дзяўчына часам купляе за некалькі месяцаў да Новага года, "каб не было так балюча ад велізарных марнаванняў у снежні". Так што некаторую частку яна падрыхтавала яшчэ ўвосень, іншую — непасрэдна напярэдадні Новага года.

"Яшчэ адна асаблівасць некалькіх апошніх гадоў — шмат сяброў і сваякоў, якія з'ехалі. Падарункамі абменьваемся не з усімі і толькі тады, калі знаходзім магчымасць перадаць прэзент праз кагосьці. У нас прынцып: галоўнае не падарунак, а захаваць зносіны і блізкасць, нягледзячы на адлегласць у тысячы кіламетраў", – дзеліцца Вольга.

_minsk_zima_horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___3__logo.jpg

З сябрамі і сваякамі яна даўно прытрымліваецца схемы са складаннем wish-лістоў на пэўную суму. Сёлета ліміт на кошт падарункаў усталявалі ў памеры Br30-40.

Такім чынам, на ўсе падарункі Вольга выдаткавала каля Br450–500. Але і гэта яшчэ не ўсё: навагодні абмен прэзентамі пакуль не завершаны.

Выдаткі на навагодні стол падзялілі паміж усімі ўдзельнікамі святкавання. Вольга адказвала за закускі. З яе выйшла Br180-200 плюс па бутэльцы віна і шампанскага.

Асобны артыкул выдаткаў у Вольгі — пераднавагоднія сустрэчы з усімі сябрамі.

"Гэта людзі з розных кампаній, таму святы з імі асобныя. На невялікія застоллі па гэтых выпадках выдаткавала яшчэ прыкладна Br260 з алкаголем", — дадала дзяўчына.

Разам выдаткі Вольгі падчас навагодніх святаў — каля Br1000.

Свята на месячны заробак

Адзначэнні ў Аляксея пачаліся з карпаратыіва. На свята з калегамі выдаткаваў Br65.

На наступны дзень закупіўся прадуктамі для сямейнай вячэры. Чэк "важыў" Br450. Застолле планавалася на пецярых чалавек.

Аднак самай затратнай часткай ён назваў падарункі.

"Бацьку падарыў набор прафесійных інструментаў за Br600, маме — робат-пыласос таксама за Br600. У брата 31 снежня Дзень нараджэння. Яму прэзентаваў камп'ютар за Br500-600. Сястры (сёлета пайшла ў школу) — смартфон, які даўно абяцаў. Гаджэт узяў недарагі, за Br300. Яшчэ салют на 16 залпаў, які сябры прывезлі з Менска", – пералічыў Аляксей.

Агулам малады чалавек выдаткаваў на Новы год больш за Br2600. "Атрымліваецца, гэта мой месячны заробак або назапашванні за два-тры месяцы", — здзіўляецца Аляксей.

Ён жыве адзін і прызнаецца, што грошы марнаваць асабліва няма куды. Таму зрабіць прыемнае родным — у радасць.

Каля Br2000 за зімовыя святы выдаткаваў і Ігар. Сюды ўваходзяць марнаванні на прэзенты для кампаньёнаў і калегаў, карпаратыў на працы, а таксама святкаванне 31 снежня.

Так, сям'я і сябры Ігара Напярэдадні Новага года сабраліся ў саўне. Мужчына ўсім родным і блізкім падрыхтаваў падарункі, таму выніковая сума выйшла немаленькая, але гэта нашага героя не знервавала.

"Свята шмат не бывае. Шчасце пры адкрыцці падарункаў пад ёлкай усё акупляе", — адзначыў мужчына.

Да таго ж у перыяд традыцыйных зімовых святаў у сям'і Ігара ёсць яшчэ дзве прыемныя даты: дзень нараджэння главы сямейства і яго сына.

На гэтыя ўрачыстасці Ігар плануе выдаткі ў памеры Br500-600.