«Я — Вольга Данцыт»: актывісты ініцыятывы «Хайсы» зладзілі пікет у Віцебскім судзе

Вольга Данцыт — адна з тысячаў ахвяр, што ў 1938 годзе былі расстраляныя ў лесе пад вёскай Хайсы пад Віцебскам савецкімі НКУСаўцамі. Яе імя было выяўлена па знойдзенаму ў 2016 годзе сябрамі ініцыятывы "Хайсы" на месцы расстрэлаў грабеньчыку.

1518000762_img_20180206_170902.jpg


З 2014 існуе міжпартыйная ініцыятыва, створаная сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Адна з галоўных мэтаў — стварэнне тут, на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян, мемарыяльнага комплексу. Ініцыятыва ідзе ўслед за чорнымі капальнікамі, якія нажываюцца на тым каштоўным, што знойдуць на парэштках, якія абыякава раскідваюць чарапы і косткі. Недзе там, сярод іх, і быў знойдзены грабеньчык віцебскай настаўніцы латышскага паходжання Вольгі Данцыт.
Па заяве ініцыятывы, кожны раз, як з'яўляюцца новыя яміны ў лесе пад Хайсамі, тут працуе 52-батальён, які збірае косткі, павінен іх даследаваць і перадаваць мясцовым уладам да перапахавання. Ініцыятыва вось ужо 3,5 гады дамагаецца і прызнання гэтага месца месцам масавых расстрэлаў і патрабуе аддаць належную павагу няшчасным бязвінна забітым сталінскімі апрычнікамі.
29 кастрычніка 2017 года частка парэшткаў, падабраная пасля працы пашукавікоў, была ўрачыста перададзеная зямлі ўдзельнікамі ініцыятывы ў адной з ямін, якая стала адмысловай магілай і над якой узняўся крыж згодна з хрысціянскімі звычаямі.
Вось за гэта і судзілі 6 лютага ўжо другі раз у Віцебскім раённым судзе Яна Дзяржаўцава па даносе загадчыцы аддзела ЖКГ Віцебскага раёна Кацярыны Воікавай. Суддзя Цярэнцьева падтрымала яе абвінавачанні па арт. 23.43 (пахаванне без дазволу) і вынесла вырак — штраф у 5 базавых.
"Я — Вольга Данцыт" — перформанс, учынены ў судовай залі падчас перапынку сябрамі ініцыятывы "Хайсы" ў знак пратэсту. “Тут, на лаве падсудных, павінны быць чорныя капальнікі разам з прадстаўнікамі ўлады. "Я — Вольга Данцыт" — напамін аб жудасных старонках мінулага. "Я — Вольга Данцыт" — папярэджанне суайчыннікам”, — адзначыла ўдзельніца перформансу, каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
bchd.info