Ягора Марціновіча перавялі ў бабруйскую калонію №2
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча перавялі ў бабруйскую папраўчую калонію №2, паведамляе ў Facebook яго брат Дзяніс Марціновіч. Паводле яго слоў, Ягора этапавалі 9 чэрвеня, 12 дзён, да 21 чэрвеня, ён правядзе ў карантыне.

Марціновіч быў затрыманы ў ліпені 2021 года. У сакавіку ён атрымаў 2,5 года калоніі па ч. 2 арт. 216 КК за «прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненага групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры», нагадвае REFORM.by.
Паводле абвінавачання, рэдакцыя няправільна аплачвала электраэнергію і водазабеспячэнне. 20 траўня Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў прысуд у сіле.
Беларускімі праваабаронцамі Ягор прызнаны палітычным зняволеным, а «Наша Ніва» унесеная ў спіс «экстрэмістаў» у Беларусі.