Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Нашаніўцы ўжо два месяцы адбылі ў СІЗА, іх не вызвалілі. За гэты час Следчы камітэт не змог скончыць расследаванне, таму мера ўтрымання працягнутая яшчэ на месяц, перадае «Наша Ніва».

img_7007.jpg

Першы раз мера ўтрымання пад вартай была абраная 18 ліпеня адразу на максімальны тэрмін — два месяцы. Аднак 18 верасня на свабоду Марціновіч і Скурко не выйшлі. Сваякам не паведамлялі аб працягу меры ўтрымання, аднак сыходзячы з нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса вынікае, што варту працягнулі яшчэ на месяц, гэта дазваляецца, калі следства не скончыла працу за адведзены раней тэрмін. Па словах нашаніўцаў, ніякія следчыя дзеянні з імі за гэты час не адбываліся, яны проста працягваюць утрымлівацца ў ізаляцыі.
Нагадаем, Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко абвінавачваюць па ч.2 арт. 216 КК («нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання групай асобаў»). Прэтэнзія заключаецца ў тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры гады (з 2017 па май 2021) прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон – 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася. Марціновіч і Скурко прызнаныя палітвязнямі. Па арт. 216 КК максімальна магчымы тэрмін утрымання пад вартай да суда — шэсць месяцаў.
Калі ласка, падтрымайце нашаніўцаў лістом, тэлеграмай ці грашовым пераводам. Ва ўмовах ізаляцыі гэта дапамагае трымацца.
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновічу Ягору Аляксандравічу
Скурко Андрэю Генадзевічу