Як чалавецтву выжыць на Зямлі?
Напярэдадні Міжнароднага
дня барацьбы з пестыцыдамі і забруджваннем навакольнага асяроддзя ў Чырвоным
касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску адчынілася экалагічная выстава «Чалавек і
стварэнне».

Праект выкананы па бласлаўленні Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і ажыццёўлены напрамкам “Царква і ахова навакольнага асяроддзя” некамерцыйнай установы “Цэнтр экалагічных рашэнняў”. Ініцыятыву падтрымала Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў (фонд МАТRА).
Адкрываючы з вітальным словам выставу, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч працытаваў нядаўнюю энцыкліку Папы Рымскага Францішка, дзе сказана: вучоныя, грамадскія, царкоўныя дзеячы павінны аб’яднацца, каб змяніць гэты свет — да лепшага. І выказаў спадзяванне, што выстава зменіць і палепшыць адносіны чалавека да прыроды. Каб “прырода, створаная Богам, цешыла чалавека, дапамагала чалавеку і служыла чалавеку”.

Што сабою ўяўляе выстава
“Чалавек і стварэнне”? Гэта расповед пра
тое, чаму чалавек закліканы захоўваць прыроду і клапаціцца аб агульным доме —
планеце Зямля. Абапіраючыся на хрысціянскія каштоўнасці, яна мусіць
прадэманстраваць розныя спосабы ўдзелу хрысціян і іншых грамадзян у клопаце аб чысціні свету і навакольнага
асяроддзя і раскрыць ролю чалавека і
царквы ў вырашэнні экалагічных праблем сучаснасці.
У далейшым выстава правандруе па шэрагу буйных парафій Беларусі, прапагандуючы і прапануючы модульныя ўзоры для працы парафіян як суполак экалагічнага руху. Што істотна важна, бо дзяржава збольшага не дае рады ў працы ў накірунку аховы навакольнага асяроддзя ў дастатковай ступені.

Выстава “Чалавек і
стварэнне” ўключае некалькі інфармацыйных стэндаў, якія знаёмяць з наступнымі тэмамі (з хрысціянскага пункту
погляду): “У адказнасці за стварэнне”, “Экалагічныя
праблемы сучаснасці” (3 часткі — біяразнастайнасць, атмасфера, хімічныя рэчывы
і адыходы), “Асвячэнне прыроды”, “Экалагічна
дружная парафія”, “Экалагічнае кіраванне ў парафіі”, “Вада — крыніца жыцця”.
На
выставе вы даведаецеся, што толькі 2,5% вады ў свеце — несалёная, чыстая і
пітная, а з гэтай колькасці толькі 1% даступны чалавеку. Колькі шкодных
рэчываў-адыходаў (найперш пластыку і адходаў электратэхнічнай прамысловасці,
хімічна-сінтэтычных вырабаў)) штогод забруджвае Зямлю. Толькі ў Беларусі з’яўляецца 21 млн.
кубаметраў адыходаў штогод! Распавядаецца, як знікаюць масівы лесу і экалагічна
прыдатных земляў. І як змагацца з гэтай навалай.

Прычым знаёміцца з экспанатамі
можна і з дапамогаю аўдыёгіду.
Кароткую экскурсію на адкрыцці выставы правёў адзін з яе стваральнікаў, адказны за ідэю, каардынацыю праекту і тэкставае напаўненне — Сяргей Юшкевіч (яшчэ адзін аўтар ідэі — Яўген Лабанаў). А сярод яго слухачоў на адкрыцці было багата маладых прыхаджан, актывістаў-эколагаў.
Фота аўтара