Як пандэмія мяняе горад: беларусаў запрашаюць да ўдзелу ў даследаванні
Мінская ўрбаністычная платформа запрашае жыхароў і жыхарак Беларусі прыняць удзел у даследаванні зменаў гарадскога асяроддзя ва ўмовах самаізаляцыі і пандэміі.
Гэтае даследаванне дапаможа зразумець, як змяняецца вопыт знаходжання дома ў тых, хто памяншае сваю мабільнасць у сувязі з пандэміяй. Шмат хто ў Беларусі праводзіць вясну 2020 не выходзячы з дома і не выязджаючы са свайго раёна ў цэнтр горада. Наша сувязь з гарадскім асяроддзем трансфармуецца і не будзе як раней, нават пасля каронавіруса.
Інфармацыя пра паводзіны гараджан будзе прааналізавана, каб у выніку адказаць на наступныя пытанні:
Як людзі ў Беларусі адаптуюць сваё месца пражывання ў час пандэміі? Што аказваецца самым важным у доме і побач з ім падчас самаізаляцыі? Якім чынам, нягледзячы на хатні рэжым, людзі падтрымліваюць з горадам не толькі віртуальную сувязь? Які ён — беларускі від з акна?
Мінская ўрбаністычная платформа просіць пра дапамогу ўсіх гараджан! Дзякуючы вашым адказам даследаванне стане больш шматбаковым. Каб стаць удзельнікамі даследавання, патрэбна:
1. Адкрыць анкету, створаную для распрацоўкі базы даных даследавання. 2. Адказаць на некалькі пытанняў, датычна прасторы, дзе вы праводзіце пандэмію. 3. Прымацаваць фота відаў свайго горада з вокнаў.
Адказы на пытанні дапамогуць вызначыць, як змяніліся перавагі людзей датычна гарадской прасторы ў самаізаляцыі. А аналіз фатаграфій дапаможа даць аб'ектыўнае ўяўленне пра стаўленне гараджан да свайго віду з вокнаў.
Збор даных для даследавання будзе працягвацца да 9 чэрвеня. Вынікі даследавання будуць апублікаваны ў Мінскім урбаністычным часопісе.
"Разам з беларускамі і беларусамі мы хочам звярнуць увагу на наша жыллё падчас пандэміі. Ці добра нам, калі мы глядзім у акно, ці ж адчуваем сябе зачыненымі ў панэльным раёне? Ці можа выгляд з акна ператварыцца ў тавар на рынку нерухомасці? Натхнімся відамі з акна і паглядзім, як можна зрабіць свой дом больш камфортным", — кажа Анастасія Нікіціна, спецыялістка Мінскай урбаністычнай платформы і аўтарка даследавання.
Дзякуючы дапамозе гараджан, Платформа правядзе даследаванне гарадскога асяроддзя, якое дапаможа вызначыць новыя стандарты пры выбары, афармленні і праектаванні ўласнага жылля.
Паводле прэс-рэліза