Як збіць высокую тэмпературу ў дзіцяці? Спытайце ў педыятра
У вашага дзіцёнка высокая тэмпература, што ж рабіць, асабліва, калі тэмпература ўпарта не хоча зніжацца? Калі наогул трэба пачынаць збіваць тэмпературу і ці варта пачынаць з лекаў? Прапануем вам парады доктара Маі Церакулавай.

Зніжайце тэмпературу паветра
Самае галоўнае, што злачынна ігнаруюць часам бацькі: тэмпература паветра ў памяшканні. Калі ў дзіцяці высокая тэмпература, у доме павінна быць халаднавата. Адкрыйце форткі, выключыце батарэі, калі батарэі не выключаюцца, завесьце іх мокрымі коўдрамі. Вельмі важна, каб дзіця, у якога тэмпература, дыхала прахалодным вільготным паветрам.
Амерыканская асацыяцыя педыятраў рэкамендуе тэмпературу ў 14-20 градусаў для дамоў, у якіх выхоўваюцца дзеці.
Не ўкутвайце дзіця моцна. Нават калі яго калоціць і ён хоча схавацца — дайце прасцінку, тонкі махрысты плед. Штосьці, што дазволіць арганізму вашага дзіцяці аддаваць цяпло ў навакольнае асяроддзе. Не ігнаруйце фізічныя спосабы астуджэння.
Давайце шмат піць
Давайце дзіцяці шмат піць. Вялікая доля ўскладненняў, якія ўзнікаюць на фоне інфекцыйных захворванняў, звязана з абязводжваннем. Дзіця, у якога тэмпература, губляе шмат вадкасці проста з гарачым дыханнем. Гэта вельмі важна: даваць шмат піць.
І толькі калі створаны аптымальныя ўмовы тэмпературы і вільготнасці паветра, можна пачаць размову пра лекі.
Бацькі могуць выкарыстоўваць два гарачкапаніжальных сродкі на выбар: парацэтамол або ібупрафен. Максімальная доза парацэтамолу 15мг/кг, ібупрофена 10мг/кг. Можна даваць да чатырох разоў у суткі. Можна даваць па чарзе, але выконваць мінімальны інтэрвал паміж прыёмам лекаў — шэсць гадзін — трэба ўсё роўна.
"Трайчаткі", стэроідныя сродкі і іншае можна даваць дзецям толькі пад медыцынскім наглядам.
Збіваць толькі пасля 38,5
Тэмпературу ніжэй за 38,5 градусаў збіваць не трэба. Імунітэт да інфекцыі пачынае фармавацца на фоне падвышанай тэмпературы. Шкоды ад такой тэмпературы арганізму не будзе.
Калі вы збілі тэмпературу дзіцяці — і ён зноў стаў бадзёры і вясёлы, значыць усё ідзе як трэба і турбавацца няма пра што. Калі вы збілі тэмпературу, а дзіцяці лепш не стала — трэба везці яго да лекара.
І яшчэ, купаць дзіця, у якога тэмпература, можна і трэба. Пажадана ў перыяд, пакуль дзейнічае ібупрафен. Такім чынам вы змыеце таксіны, што выдзяляюцца разам з потам. Ніякай шкоды ад таго, што вы памыеце дзіця, апранеце яго ў чыстае і перасцеліце яму ложак, не будзе, гэта я абяцаю. Зубы таксама можна чысціць.
