Як зразумець, што стасункі з вашым партнёрам могуць стаць небяспечнымі

Неабавязковасць, рэўнасць, траўмы. Псіхолаг Віялета Нікіцік расказала «Нашай Ніве» пра рысы характару, якія могуць паставіць будучыню адносінаў пад пытанне.

Ілюстрацыйнае фота. Гродна. Парк Жылібера

Ілюстрацыйнае фота. Гродна. Парк Жылібера

Канчатковае рашэнне пра тое, ці працягваць адносіны з партнёрам ці партнёркай, вы прымаеце самі, і ніякай катэгарычнасці тут быць не можа. Але псіхолаг звяртае ўвагу на трывожныя званочкі ў адносінах, калі трэба задумацца, і часам сур’ёзна.

Такія званочкі могуць быць індывідуальнай з’явай, але ёсць і рэчы, якія датычаць усіх. Перш за ўсё, гэта праявы фізічнага і псіхалагічнага гвалту — у такіх выпадках разрыў адносінаў можа быць найлепшым выбарам. Каб раней заўважыць схільнасць партнёра да такіх паводзінаў, варта звяртаць увагу на свае пачуцці — што адбываецца з вамі побач з ім ці ёй.

«Яшчэ я б дадала да гэтага сітуацыю, калі ў чалавека назіраюцца нейкія псіхалагічныя праблемы або ёсць афіцыйна зацверджаны дыягназ, але вы разумееце, што чалавек з гэтым нічога не робіць.

Гэта таксама будзе прыкмета таго, што трэба быць з гэтым чалавекам больш асцярожным і задаць сабе пытанне: ці трэба мне гэтыя адносіны.

Маю на ўвазе залежнасць (напрыклад, ад алкаголю ці азартных гульняў), псіхіятрычныя дыягназы», — тлумачыць псіхолаг.

Усе раўнуюць, пытанне ў ступені

Вельмі мала хто з людзей можа пазбавіцца рэўнасці, але пытанне ў тым, да якога ўзроўню яна даходзіць.

Калі ваш партнёр можа нармальна, словамі казаць пра свае пачуцці і пра тое, што ён раўнуе, то ўсё добра, у чымсьці гэта можа дадаць запалу ў вашы адносіны.

Але калі вы пужаецеся чалавека, ён пачынае вас кантраляваць — гэта чырвоны сцяжок, расказвае Віялета. — Гэтыя паводзіны сведчаць не толькі пра тое, што чалавек няўпэўнены ў сабе і ў вашых адносінах, а і пра спробы кантраляваць і парушаць асабістыя межы. Незразумела, да чаго ён можа потым дайсці: або гэта проста будуць не вельмі здаровыя адносіны, або пачнецца гвалт.

«Калі вы самі па сабе схільныя да сузалежных адносінаў і ў вас былі бацькі, якія вас моцна кантралявалі, то, хутчэй за ўсё, вы абераце сабе партнёра, які кантралюе. Наўрад ці вы зможаце мець адносіны з кімсьці іншым, бо вам будзе здавацца, што такі чалавек вас не кахае.

Калі такія асаблівасці адносінаў вас задавальняюць, вам не трэба нічога з гэтым рабіць. Але калі вам гэта пачынае не падабацца, калі вы адчуваеце, што чалавек так сябе паводзіць не проста праз моцнае каханне, гэта прычына задумацца і сказаць партнёру пра свой дыскамфорт», — кажа Віялета. І нагадвае, што варта зважаць на свае пачуцці ў камунікацыі з чалавекам, не ігнараваць іх.

Калі вы скажаце партнёру, што вам некамфортна, і вас пачуюць, то ўсё добра.

«Важная прыкмета — ваш партнёр кажа пра свайго былога ці былую»

Іншая сумнеўная рыса партнёра — занадта вялікі кантроль. Віялета прыводзіць прыклады таго, як гэта можа праяўляцца ў пачатку адносінаў:

Ілюстрацыйнае фота. Мінск

Ілюстрацыйнае фота. Мінск

«Вам трэба пытацца, ці можна сустрэцца з сяброўкай, або вы ведаеце, што дома трэба абавязкова быць у пэўны час, а то муж будзе злавацца. Калі гаворка пра жанчыну, то праз сваю трывожнасць яна толькі на пэўны час адпусціць партнёра глядзець футбол з сябрамі, і калі той не паспее вярнуцца, яна моцна пакрыўдзіцца. Тады партнёр будзе адчуваць сябе вінаватым, гэта пасіўная агрэсія з боку жанчыны».

Калі мы пабачылі, што ў чалавека ёсць пэўныя непрымальныя для нас якасці, але мы ўжо даўно ў сталых адносінах з ім, што рабіць? Псіхолаг кажа, што трэба размаўляць з партнёрам і пажадана спакойным тонам. Маўляў, я стала заўважаць у цябе пэўныя рысы, і яны мяне пачынаюць хваляваць, раскажы, як ты да гэтага ставішся.

Звярніце ўвагу, ці разумее партнёр, што яго паводзіны ці выказванні — праблема для вас, ці ён гатовы з гэтым нешта рабіць і ці шануе вашы адносіны і супольныя каштоўнасці.

Можа быць і так, што тое, што вас турбуе, — не праблема для партнёра, ён пачынае вамі маніпуляваць, пачынаецца газлайтынг («гэта з табой нешта не так»), і вам робіцца каля яго сапраўды некамфортна, канфлікт пачынае адбівацца на дзецях. Вось гэта сапраўды складаная сітуацыя, з якой трэба шукаць выйсце.

Віялета раіць звярнуць увагу на яшчэ адзін фактар:

«Паглядзіце, як ваш партнёр ставіцца да іншых людзей, да сваёй сям’і і сяброў, што ён кажа пра іх і ці не зневажае іх. Яшчэ важная прыкмета — ваш партнёр кажа пра свайго былога ці былую, звярніце ўвагу, ці не абвінавачвае ён яго ці яе ва ўсіх праблемах або ўсё ж такі здольны браць частку віны на сябе.

Калі чалавек так робіць, то гэта прыкмета таго, што, калі і паміж вамі пачнецца крызіс, гэты чалавек, хутчэй за ўсё, будзе абвінавачваць у ім толькі вас, а сябе ён будзе апраўдваць.

Напрыклад, мужчына можа казаць, што партнёрка яго кінула, што яна такая і гэтакая, вінная яму грошай. А потым, пасля жыцця з гэтым чалавекам, можна зразумець, што яго былая насамрэч была добрым чалавекам. Іх адносіны завяршыліся, бо была праблема, з якой ён нічога не хацеў рабіць. Тое ж можа быць і з жанчынамі: спачатку яна будзе лаяцца пра былога, маўляў, ён яе не кахаў, а потым вы зразумееце, што праз пэўныя дзіцячыя траўмы яна занадта крыўдуе на звычайныя рэчы, напрыклад, на тое, што вы позна адказалі на званок».

Наколькі чалавек самастойны

Часта на прыкладзе камунікацыі з іншымі можна пабачыць і тое, ці схільны ваш партнёр да гвалту. Гэта паказвае, як чалавек умее абыходзіцца са сваімі пачуццямі і эмоцыямі, наколькі для яго нармальна праяўляць фізічны або псіхалагічны гвалт і наколькі вам пасуе праяўленне гэтай рысы. Бываюць людзі, якім нармальна стукнуць дзіцё, калі тое раззлавала, такія партнёры не будуць бачыць нічога няправільнага ў паводзінах адно аднаго.

Яшчэ Віялета раіць звярнуць увагу на тое, наколькі чалавек самастойны. Гэта пра тое, што дарослы чалавек мусіць сябе ўтрымліваць у сацыяльным і бытавым плане. Калі вы сузалежны чалавек і схільныя браць на сябе адказнасць, вам будзе нармальна з партнёрам, які, напрыклад, нідзе не працуе. Але такія паводзіны з яго боку — гэта таксама прыкмета таго, што з дарослым чалавекам адбываецца нешта не тое.

«Галоўнае — шмат разумець пра сябе, пашыраць сваё разуменне пра тое, які вы чалавек, якія ў вас рысы характару і праблемы, якія могуць паўплываць на вашы адносіны ў дарослым жыцці і што вы з гэтым робіце. Або вы знаходзіце чалавека, які будзе падыгрываць вашым траўмам і нездаровым патэрнам у паводзінах, або вы самі іх прапрацуеце (магчыма, з дапамогай тэрапіі) — і гэтыя рысы больш не будуць уплываць на вашы адносіны з людзьмі. Маўляў, я ведаю, што ў мяне ёсць такая праблема, але я навучыўся жыць з гэтым экалагічна для сябе і іншых. Але калі для вас гэта непрымальна, а партнёр раптам кажа, што ўчора ён ударыў малодшую сястру, на гэта трэба звярнуць увагу», — лічыць псіхолаг.

fota_jany_trusila_novy_czas9.jpg