Як журналіст з Галандыі шукаў у Беларусі прыкметы дыктатуры

«Гуляючы па Мінску, — піша журналіст выдання Міхіл Дрыберген паводле Радыё Свабода, — я задаю сабе пытанне: вось Беларусь прынята лічыць апошняй дыктатурай у Еўропе, але як гэта можна заўважыць?».

hramadstva.jpg

Прывабныя асаблівасці беларускай сталіцы
Журналіст галандскага выдання Reformatorisch Dagblad Міхіл Дрыберген (Michiel Driebergen) піша пра сваю паездку ў Мінск:
«Падчас маёй апошняй паездкі ў Беларусь мяне не цікавіць палітыка. Мае мэта — наведанне новага прамысловага комплексу, нататкі пра прадпрымальнікаў і турыстычны патэнцыял беларускай сталіцы.
Нягледзячы на тое, што на пачатку 2017 году Беларусь адмяніла візы для грамадзян ЕЗ і ў тым жа Мінску можна знаходзіцца пяць дзён без адпаведнай візавай адзнакі, турыстаў з Еўропы ў гэтым горадзе няшмат. Мала хто вырашыў падарожнічаць у гэтую постсавецкую краіну.
Той, хто ўсё ж адважыўся зрабіць такі шлях, пераконваецца: беларуская сталіца мае прывабныя асаблівасці. Калі спытацца ў мінчукоў пра іх горад ды краіну, лёгка зразумець, што яны любяць Мінск ды Беларусь і ганарацца імі. Яны могуць увесь час расказваць вам цудоўную гісторыю свайго краю і прыроду, яе глыбокія блакітныя азёры. Для іх дыктатура — нешта само сабой зразумелае», — піша журналіст.

Праграмісты могуць займацца сваім бізнэсам

«Тое ж самае тычыцца і групы айцішнікаў, якая з кожным годам расце і чые прадстаўнікі часта не ведаюць нічога, апроч сваёй справы. Лукашэнка пры ўладзе ўжо 23 гады, а праграмісты могуць свабодна займацца сваім бізнэсам. Гарадскія падвалы пераўтвараюцца ў прастору, дзе можна займацца вынаходніцтвам, праграмаваннем і атрымліваць ад гэтага асалоду», — піша аўтар.
«Тут спакайней, чым ва Ўкраіне. У любым выпадку тут парадак», — сказаў распрацоўшчык беспілотнага лятальнага апарата. Праграміст робіць яго ў Мінску, аднак рэалізаваць мяркуе на еўрапейскім рынку.
На прамысловай пляцоўцы ў прыгарадзе Мінску я нават бачыў дасягненні рэжыму, які трымае ўсё пад кантролем. Лукашэнка вырашыў разам з кітайскім калегам зрабіць з Мінску велізарны індустрыяльны транзітны горад, які адкрые Кітаю новыя гандлёвыя шляхі ў Еўропу.
«Калі кіраўнік дзяржавы кажа, то гэта здараецца», — сцьвярджае маладая жанчына, якая суправаджае мяне па будоўлі. Нядаўна беларускі кіраўнік падпісаў указ аб прывабных падатковых стаўках, і вось табе — колькасьць кампаній, якія захацелі тут працаваць, павялічылася».

Пакуль чалавек не канфрантуе з уладамі, у яго можа быць неблагое жыццё ў Беларусі

Як зазначае галандскі журналіст, ён ведае, аднак, Мінск і з другога боку. Па леташніх падзеях у сакавіку, калі адбылася несанкцыяваная ўладамі дэманстрацыя і на вуліцу выйшла шмат людзей. Журналіст ніколі не бачыў такой колькасьці добра падрыхтаваных міліцыянтаў ды вайскоўцаў, якія фактычна ачысцілі вуліцу. Вялікую колькасць людзей тады арыштавалі.
«Гэтым разам у Мінску не было ніякага пратэсту. Было ціха, — піша Міхіл Дрыбэрген, — Да таго часу, пакуль чалавек не канфрантуе з уладамі, у яго можа быць неблагое жыццё ў Беларусі. Тады можна і не заўважаць дыктатуру. Але калі чалавек крытычна настроены, ён сутыкаецца зусім з іншым».