Як 20 гадоў таму «па памылцы» збілі паветраны шар з амерыканцамі
20 гадоў таму ў небе над Бярозай беларуская авіяцыя расстраляла паветраны шар з паветраплавальнікамі, якія бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах.
18 ліпеня ў межах першага фестывалю авіяцыйнага спорту адбыўся масавы палёт паветраных шароў. З аэрапорта Мінск-1 у неба адначасова падняліся 70 аэрастатаў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расеі, Украіны. Цягам гадзіны шары луналі над Мінскам, іх шлях склаў 13 км. Прызямленне адбылося каля Мачулішчаў.
Гэтая падзея выклікала захапленне ў мінчукоў, але і нагадала трагедыю, якая адбылася 20 гадоў таму ў Беларусі. У небе над Бярозай беларуская авіяцыя расстраляла паветраны шар з амерыканскімі паветраплавальнікамі.
У выніку падзення з двухкіламетровай вышыні загінулі спартоўцы-экстрэмалы Алан Фрэнчэль і Джон Сцюарт. Вайсковае камандаванне апраўдвалася, што «пераблытала» спартовы аб’ект з метэаралагічным зондам, якія часам залятаюць на тэрыторыю Беларусі. У сваю чаргу, міжнародная супольнасць паставіла пад сумнеў прафесійнасць беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны, якія не здольныя адрозніць, ці пілатаваны лятальны аб’ект, альбо ён перасоўваецца ў аўтаномным рэжыме.
12 верасня 1995 году ў Швейцарыі быў дадзены старт міжнародным спаборніцтвам паветраплавальнікаў. Узняўшыся ў паветра, «караван» рушыў на Усход. Як сцвярджалі арганізатары чэмпіянату на дальнасць палётаў, пра мерапрыемства былі папярэджаныя дыспетчарскія службы ўсіх краінаў, праз чый паветраны калідор транзітам скіроўваліся экіпажы.
Без прыгодаў праляцеўшы над Нямеччынай, Чэхіяй, Славаччынай, Польшчай, у Беларусі гандола вопытных падарожнікаў, амерыканцаў Алана Фрэнчэля і Джона Сцюарта, была збітая вайсковым верталётам Мі-24 і рухнула на ўскрайку дачнага кааператыву маторарамонтнага заводу блізу Бярозы. Сведкай расстрэлу была пенсіянерка Валянціна Салавей, чыё лецішча літаральна ў дзясятку метраў ад месца падзення шара. Кажа, што пілот яшчэ доўга лятаў над лецішчамі, каб пераканацца, што заданне выкананае:
«На саміх амерыканцах слядоў расстрэлу не было. Відавочна, яны памерлі ад моцнага ўдару аб зямлю — усё ж двухкіламетровая вышыня была, калі яны над намі ляцелі. Удар быў вельмі моцны, бо гандола была пашкоджаная капітальна. У сваім „кошыку“ яны сядзелі на своеасаблівых „насілках“ — гэта прыблізна як у машынах „хуткай дапамогі“ ёсць бакавыя сядзенні, прымацаваныя да сцяны. І вось яны, відаць, да апошняга сядзелі ў сваім шары на гэтых насілках, ці сядушках, як там правільна сказаць. Потым мараканцаў адвезлі ў шпіталь, у морг, а пасля целы пераправілі ў Мінск. А сам „кошык“ (бо па выгляду гэта быў сапраўды плецены кошык 1,50 метра шырыні на 1,52 метра даўжыні, амаль квадратны) разам з іншымі рэчамі паводле вопісу пагрузілі на КамАЗ і таксама ў Мінск адправілі».
Нечаканым сведкам таго, як прымалася рашэнне расстраляць паветраны шар з амерыканцамі, стаў журналіст Васіль Зданюк. Якраз у той момант ён знаходзіўся ў кабінеце камандуючага супрацьпаветранымі войскамі генерала Валерыя Кастэнкі, які даў загад ліквідаваць «беспілотны аб’ект»:
«Ускосным саўдзельнікам гэтага інцыдэнту я стаў абсалютна выпадкова. Працаваў тады ўласным карэспандэнтам рэдакцыі маскоўскага „Военного журнала“, і напярэдадні мне там паставілі задачу зрабіць інтэрвію з камандуючым войскамі беларускай супрацьпаветранай абароны аб стварэнні адзінай беларуска-расійскай сістэмы СПА. Якраз тады гэта была актуальная тэма. Я патэлефанаваў Валерыю Кастэнку. Ён паспрабаваў адразу ад інтэрв'ю адмовіцца — маўляў, у адпачынку знаходзіцца, не на працы. Я, тым не меней, настаяў на сваім, і ён сказаў, каб я прыходзіў да яго аб 11-й, яму якраз трэба на гадзінку зазірнуць на службу, дзе мы і перагаворым. На наступны дзень, 12 верасня 1995-га я прыйшоў да камандуючага…».
Ужо падчас гутаркі аператыўны дзяжурны даклаў генералу, што ў зоне адказнасці дывізіёну, дыслакаванага ў Берасцейскай вобласці, зафіксаваны невядомы паветраны аб’ект. Ляціць на нізкай вышыні, на запыты не адказвае, трэба тэрмінова прымаць рашэнне. Кастэнка загадаў падняць дзяжурны верталёт і пасля перамоваў з камандзірам экіпажу Мі-24 генерал прыйшоўшы да высновы: апарат беспілотны, і даў загад яго знішчыць.
На думку Васіля Зданюка, каб Кастэнка некалькі хвілінаў пачакаў, трагедыі можна было б пазбегнуць. Услед за збітым, як тады меркавалі, «зондам» пераляцеў беларускую мяжу наступны, потым іншы. Праз некалькі месяцаў Дзяржаўны памежны камітэт прызнаў: амаль за паўгода да гэтага, у красавіку, быў атрыманы ліст са Швейцарыі, аднак калідор, якога павінны трымацца спартоўцы, быў нібыта недакладна акрэслены.
Капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандр Пашчанка ў сярэдзіне 1990-х на пасадзе бартавога тэхніка верталёту Мі-24 служыў у вайсковай частцы, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы. Менавіта адтуль з загадам знішчыць небяспечны аб’ект былі ўзнятыя баявыя верталёты.
Бартавы тэхнік пасля інцыдэнту з'ехаў у Расію і стаў будыстам
Спадар Пашчанка кажа, што для экіпажу, які браў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі паветранага шару, было не меншым шокам даведацца пасля, што гэта яны сталі прычынай смерці амерыканскіх спартоўцаў. Да таго ж, стала зразумела, што была магчымасць такой развязкі пазбегнуць — праз нейкі час пад Маларытай быў пасаджаны аналагічны шар:
«Наколькі я ведаю, у канцы 1990-х бартавы тэхнік таго верталёту з'ехаў у Расію і, як кажуць, стаў будыстам. А пасля нібыта пры дзіўных абставінах на Далёкім Усходзе і загінуў (ён, дарэчы, адтуль быў і родам). Ну, а так хто куды разляцеліся: хто звольніўся, хто як мага падалей ад гэтага месца ад’ехаў. Пра тое, што ў гандоле — людзі, ніхто не ведаў — гэта магу гарантаваць. А пасля, канечне, лётчыкі вельмі перажывалі, у царкву ў Пружанах хадзілі, памінальную там рабілі… Добра яшчэ, што далей не зайшло, бо следам ляцелі наступныя шары. Адзін з іх, дакладна ведаю, пасадзілі блізу Маларыты. Ці перадалі ім нейкія звесткі па рацыі, ці яны самі ў паветры ўбачылі, што здарылася, але падавалі сігналы, рукамі махалі — маўляў, не страляйце. Прынамсі ў гэтым выпадку было дакладна відаць, што шар з людзьмі. А з амерыканскай гандолы ніякіх знакаў ніхто не падаваў. Таму ніхто такой развязкі не чакаў, для людзей усё гэта было вельмі непрыемна, натуральна».
Паводле Аляксандра Пашчанкі, экіпаж, які збіваў паветраны шар, некалькі месяцаў штодня кудысьці выклікалі, бесперапынна яны курсіравалі паміж Пружанамі і Мінскам. Але ніхто толкам
не мог зразумець, што рабіць далей. Завяршыліся ж паездкі тым, што ўсім далі па гадзінніку з гербам Беларусі, аддзячыўшы за «пільнасць». Але, як кажа спадар Пашчанка, экіпаж сваю
віну падсвядома разумеў — у роспачы была выпітая не адна скрыня гарэлкі.
Ніхто з афіцыйных асобаў не ўзяў адказнасць за інцыдэнт
За мінулыя два дзясяткі гадоў ніхто з беларускіх афіцыйных асобаў не ўзяў на сябе адказнасць за інцыдэнт.
Дзяржаўная камісія ў справе высвятлення прычынаў трагедыі так і не патлумачыла, ці насамрэч была неабходнасць збіваць паветраны шар.
Да таго ж, тагачасны начальнік аддзелу аператыўнага рэагавання Савету бяспекі Юрый Сівакоў настойваў, што амерыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх збілі — маўляў, падняўшыся на вялікую вышыню, памерлі ад недахопу кіслароду. Іншыя эксперты не выключалі, што спартоўцы сапраўды маглі знаходзіцца без прытомнасці, але да зямлі ляцелі жывымі. Дарэчы, першы час трагічную навіну спрабавалі ўвогуле схаваць ад грамадзкасці — амбасада ЗША ў Мінску толькі праз суткі дазналася пра гібель сваіх грамадзянаў.
У 2009 годзе жонка амерыканскага паветраплавальніка Джона Сцюартадала першае інтэрвію за многія гады — дарэчы, для Радыё «Свабода». Кэралайн Сцюарт-Джэрвіс не хавала засмучэння, што пасля страты самага блізкага чалавека яна так і не дачакалася прабачэння ад беларускіх уладаў. Таксама спадарыня Сцюарт-Джэрвіс цікавілася ў вашынгтонскага карэспандэнта, ці захоўваецца памяць пра Джона Сцюарта і Алана Фрэнчэля ў Беларусі?
Удаву Джона Сцюарта можна суцешыць хіба тым, што ўжо ў першую гадавіну трагедыі дэмакратычныя актывісты з Бярозы ўсталявалі на месцы падзення амерыканскіх паветраплавальнікаў памятны знак — камень з надпісам «Прабачце». Ініцыятары ўшанавання кажуць, што ля імправізаванага міні-абэліску амаль заўсёды стаяць жывыя кветкі — так дачнікі згадваюць падзеі сярэдзіны 1990-х.
Памятны знак на месцы падзення амерыканскіх паветраплавальнікаў