Якая краіна — такі і Дзед Мароз

На Лініі Сталіна працуе адмысловая рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Зрэшты, заўтра яна адкрытая апошні дзень.

Фота ВВС

Фота ВВС

Папраўдзе, рэзідэнцыя Дзеда Мароза на Лініі — не навіна. Яна існуе з 2015 года і, калі верыць сайту Лініі Сталіна, працуе ў «цалкам унікальным святочным фармаце з разнастайнасцю анімацыйных праграм для дарослых і дзяцей».

linija_stalina_novy_hod_3.jpg

Аднак такі атракцыён пад адкрытым небам у той час, калі Расія распачала вайну ва Украіне, а эшалоны з войскам РФ працягваюць прыбываць у нашу краіну, выглядае асабліва злавесна.

Сёння ж Міністэрства абароны ў сваім тэлеграм-канале апрылюдніла фотаздымкі з вясёлага «дзіцячага свята», на якое павезлі сем’і вайскоўцаў супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл і 2-й інжынернай брыгады.

Сярод «адметных асаблівасцяў» свята на Лініі Сталіна, як пішуць, і Дзед Мароз — «традыцыйны і парадны: да звыклага футра дададзеная вайсковая атрыбутыка: каракулевы каўнер і такая ж шапка з чырвонай зоркай».

Такі Дзед Мароз прапануе наведвальнікам далучыцца не да не добрай казкі пра мір і сяброўства, а катацца на танку ды страляць з рознай зброі.

Нашто беларуская ўлада апошнім часам так мэтанакіравана далучае дзяцей і падлеткаў да зброі? Як пісаў «НЧ», беларускі рэжым вырашыў «мабілізаваць» дзяцей і падлеткаў. Так, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначыла, што цяперашняя імклівая мілітарызацыя грамадства і найперш дзяцей — «відавочная прыкмета таго, што Расія абрала шлях вайны ў сваім развіцці і зацягвае ў гэту пастку Беларусь… Гэта дзеці, якім хочуць прамыць мазгі, прызвычаіць да зброі і таго, што забіваць — гэта нармальна. Але ж культ мілітарызму не вядзе да міру. Мы памятаем гісторыю, памятаем ХІХ стагоддзе, калі нас русіфікавалі — расейскія настаўнікі, чыноўнікі і жаўнеры. Усё паўтараецца, толькі робяць гэта прыслужнікі Лукашэнкі».

Фота з сайта Лініі Сталіна і  t.me/modmilby