Яніна Пушкіна: «Мяне не пусцілі да мужа»

Жонка асуджанага мастака-палітвязня Алеся Пушкіна спрабавала сустрэцца з ім у ізалятары. Аднак жанчыне сказалі, што сустрэча «немагчымая, бо вязень адбывае пакаранне ў карцары».

Малюнак Алеся Пушкіна з СІЗА

Малюнак Алеся Пушкіна з СІЗА

Алеся Пушкіна затрымалі год таму, 30 сакавіка 2021 года, у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна ў царкве, на рэстаўрацыі якой працаваў мастак.

Перад гэтым, 26 сакавіка 2021 года, пракуратура Гродна завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (ч.3, арт.130) – на выставе ў Гродне дэманстраваўся партрэт удзельніка антысавецкага паваеннага падполля Яўгена Жыхара. Напрыканцы снежня 2021 года да гэтага яшчэ дадаўся «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

25 сакавіка гэтага года мастака асудзілі на 5 гадоў калоніі. Стала вядома таксама, што ў дзень вынясення прысуду Алесь Пушкін падчас пасяджэння парэзаў сабе жывот у знак пратэсту, за што яго адправілі ў карцар.

«Натуральна, ніякіх навін ад Алеся няма, — распавяла «Народнай Волі» Яніна, жонка мастака. — На гэтым тыдні я спрабавала патрапіць да мужа, прыехала ў Мінск у следчы ізалятар на Валадарскага, але мяне не пусцілі. Сказалі, што сустрэча немагчыма, бо вязень адбывае пакаранне ў карцары. А выйсці з яго павінен, здаецца, толькі 11 красавіка».

Яніна Пушкіна кажа, што не валодае інфармацыяй ні пра стан здароўя мужа, ні пра тое, ці будзе ён абскарджваць рашэнне першай судовай інстанцыі.

«Поўны інфармацыйны вакуум, — адзначае яна. — Але спадзяюся, што пасля таго, як Алесь выйдзе з карцара, мне ўсё-такі дазволяць сустрэцца з ім».

 «Народная Воля»