Камісію па разглядзе справы Марыі Калеснікавай адмянілі
7 красавіка адвакат наведаў Марыю Калеснікаву ў калоніі.
На пачатку гэтага года Марыю Калеснікаву этапавалі ў Гомельскую калонію, дзе яна зараз і адбывае пакаранне.
30 cакавіка яе пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з бацькам. Паводле слоў Марыі, падставай для спагнання паслужыў нібыта няветлівы зварот да супрацоўніка калоніі пасля сустрэчы з адвакатам.
6 красавіка ў калоніі павінна было адбыцца пасяджэнне камісіі ў дачыненні да Марыі Калеснікавай. Нібыта яна перабівала начальніка калоніі падчас працэдуры накладання папярэдняга спагнання. Марыі маглі вынесці другое спагнанне, і пры такім раскладзе яна будзе прызнана злоснай парушальніцай рэжыму. Гэта можа пацягнуць за сабой перавод у турму або змяшчэнне ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).
«Пасяджэння камісіі не адбылося, — расказаў «Народнай Волі» Аляксандр Паўлавіч Калеснікаў, бацька Марыі. — З чым гэта звязана, невядома, але Маша скептычна ставіцца да сваіх будучых перспектыў. Маўляў, адмена камісіі не азначае, што змяніліся планы адміністрацыі па вынясенні ёй другога спагнання».
Паводле слоў Аляксандра Калеснікава, дата новага пасяджэння камісіі пакуль не прызначаная.
«Думаю, у любым выпадку ўсё вырашыцца ў гэтым месяцы», — дадае Аляксандр Паўлавіч.
Нагадаем, Марыю Калеснікаву, экс-кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі, затрымалі на пачатку верасня 2020 года, пасля чаго спецслужбы паспрабавалі вывезці яе з Беларусі ва Украіну. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.
6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд прызнаў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса і прысудзіў яе да 11 гадоў пазбаўлення волі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне такім фарміраваннем», «публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады».
Паводле «Народная Воля»