Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса прызналі палітычнымі зняволенымі

У красавіку ў судзе Брэсцкага раёна быў вынесены прысуд, паводле якога Яраслаў Бурак асуджаны да 3 месяцаў арышту, Дзмітрый Харс — да 1 месяцу арышту. Падставай для затрымання і прыцягнення іх да адказнасці стала нанясенне надпісаў віду «3%», «Уходи», «Жыве Беларусь!» на пастаменце помніку Леніну ў пасёлку Дамачава (Брэсцкі раён).

Надпісы на помніку Леніну. Фота: «Вясна

Надпісы на помніку Леніну. Фота: «Вясна

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць, што нанясенне надпісаў такога віду не з’яўляецца праявай хуліганства.
Змест надпісаў, месца, дзе яны былі зроблены, — пастамент помніка Леніну (дзеяча, чыя роля ў гісторыі неадназначная і выклікае справядлівыя нараканні), які не ўяўляў гістарычнай ці культурнай каштоўнасці і які не з'яўляецца сакральным і шанаваным, у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне з лета 2020 года, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне меркавання на грамадска значныя тэмы.
Праваабаронцы лічаць, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачаннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 пакта, кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі на свой выбар. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць усталяваныя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Асуджаныя не пасягалі на значныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Матэрыяльная шкода ад такога ўчынку відавочна насіла сімвалічны характар.
У гэтым кантэксце праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса палітычна матываваным, а саміх асуджаных палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены».
У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць:

  • Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Яраслава Бурака і Дзмітрыя Харса і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  • Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.


Паводле spring96.org