Яшчэ аднаго адваката, які дапамагаў палітвязням, пазбавілі ліцэнзіі

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі спыніла дзеянне ліцэнзіі адваката Антона Гашынскага. Пра гэта ён распавёў Zerkalo.io.

Фота з Facebook Антона Гашынскага

Фота з Facebook Антона Гашынскага

У камісіі палічылі, што Антон Гашынскі неаднаразова парушаў патрабаванні і ўмовы ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, устаноўленыя заканадаўствам.
— Увосень 2020 года я хацеў перадаць ліст ад Віталя Шклярава яго хворай на анкалогію маме — яго канфіскавалі. І ў чэрвені гэтага года Мінюст праводзіў праверку нашага бюро і знайшоў апіскі ў дакументах: дзесьці была памылкова паказаная дата, дзесьці не чытаўся нумар дамовы. Але пры тых аб'ёмах спраў, якія вядзе наша бюро, яны непазбежныя.
У найбліжэйшых планах абаронцы ўважліва азнаёміцца з заключэннем камісіі.
Антон Гашынскі з'яўляецца кіраўніком і партнёрам адвакацкага бюро «Маслаў, Гашынскі і партнёры». Працаваў у адвакатуры з 2004 года.
Абараняў расіянку Сафію Сапега, палітолага Віталя Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава і іншых.