Яшчэ два прысуды за мітынг, якога не было
Браты Сяргей і Аляксандар Кур’яны аштрафаваныя на 12 базавых велічынь (276 рублёў) кожны за ўдзел у нібыта мітынгу 26 сакавіка на плошчы Леніна ў Ваўкавыску.
![Ваўкавыск (ілюстрацыйнае фота) Ваўкавыск (ілюстрацыйнае фота)](/img/v1/images/022f3a3e_3a65_4c14_a1ef_08e6ce3b5e23_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ваўкавыск (ілюстрацыйнае фота)
Паводле Аляксандра Кур’яна, ён сустрэўся на плошчы з братам Аляксандрам з тым, каб потым ісці ў краму. А іх, маўляў, абвінавацілі, што яны яшчэ з 5 асобамі, якія стаялі побач, бралі ўдзел у мітынгу.
— Я прадэманстраваў у судзе аўдыёзапіс нашай размовы зь міліцыянтамі — мой брат запісаў яе на мабільны тэлефон. Там вельмі добра чуваць, як міліцыянт падышоў да нас і сказаў, што нам нельга абмяркоўваць тое, што мы абмяркоўвалі. Мы перапыталі, ці чуў ён тое, што мы абмяркоўвалі? Міліцыянт сказаў, што ня чуў. Тады мы запыталі, ці можам тут стаяць далей. Ён нам адказаў, што можам. Гэта было выдатна чуваць. А потым празь некалькі хвілінаў нас схапілі людзі ў цывільным, якія не назваліся, і пацягнулі ў машыну. І ўжо сёньня ў судзе сьведкі-міліцыянты казалі зусім іншае, маўляў, мы там вялі палітычныя размовы супраць улады і не адрэагавалі на іхныя патрабаванні разысціся. І нават наш аўдыёзапіс не пераканаў суддзю.
Паводле Аляксандра Кур’яна, суддзя таксама зразумела, што адбылося ў той дзень на плошчы Леніна, але вынесла рашэньне не на іх карысьць, а прызнала вінаватымі. Кур’яна абурыла тое, што ў судзе не разгледзелі іхную справу па сутнасці.
— Бясчынства поўнае творыцца... Нават калі і гаварылі на палітычныя тэмы, крытыкавалі ўладу — у чым тут злачынства? У судзе не прадстаўлена ніякіх доказаў нашае віны, а нам выносяць вырак — штраф 256 рублёў. Гэта вялікія грошы. І каму што даказваць, хто нас выслухае?
Апроч Аляксандра і Сяргея Кур’янаў, Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў жыхара гораду Леаніда Прэдку на 12 базавых велічынь (276 рублёў) за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 26 сакавіка ў Ваўкавыску. Наталля Буданава аштрафаваная на 13 базавых (299 рублёў), пенсіянерка Галіна Здановіч — на 2 базавыя (46 рублёў). Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў.
Паводле svaboda.org